Вышако́міцца ’ганарыцца, лічыць сябе вышэйшым за другіх’ (Бяльк.). Магчыма, ад прысл. *вышаком хадзіць, *вышаком насіць галаву, але гэта няпэўна. Гл. высокі.
Вы́шка (БРС, Яруш., Бяльк.). Рус. вы́шка, укр. ви́шка, польск. wyszka ’вышыня’, чэш., славац. výška ’тс’. Утворана ад асновы выш‑, як, напрыклад, у кампаратыве вышэй, якая ўзыходзіць да выс‑ (гл. высокі), з дапамогай суф. ‑ка (Махэк₂, 705). Некалькі іначай аб словаўтварэнні Шанскі (1, В, 239).
Вы́шкі ’гара, насціл над хлявом, у адрыне для сена або саломы’ (БРС, Бяльк., Шат., Касп., Гарэц., Янк. II, Бес., Бір. дыс., Шушк., Інстр. II, Тарнацкі, Studia, Ліс., Сцяшк., З нар. сл.); ’узвышанае месца, якое робіцца пад столлю хаты для сушкі рэчаў’ (Нас.); ’палаткі’ (Шн., 2); ’месца, дзе садзяцца куры’ (Інстр. III). Рус. вы́шка ’вышкі’, вы́шкі ’верхні этаж у доме’, вы́шкі ’паліца (над дзвярамі) у адрыне’; ’палаткі’, укр. ви́шка, ви́шки ’вышкі’ (паўн.-укр.; гл. Бел.-укр. ізал., 22), польск. wyszka ’высокае месца ў хаце, паліца’, дыял. wyszki ’вышкі’, славац. vyška ’камора, кладоўка над хатай або пабудаваная асобна’. Ад асновы выш‑ (параўн. вышка) з дапамогай суф. ‑к‑.
Вышмол́ьганый ’вельмі забруджаны’ (Клім.). Да шмульгаць (гл.).
Вы́шнік 1 ’дама ў картах’ (Нас., Гарэц., Бяльк.). Укр. ви́шник ’тс’. Запазычанне з польск. wyżnik ’тс’, якое калькіруе чэш. svršek ’дама’. Чэш. у сваю чаргу з’яўляецца перакладам ням. Ober ’дама або карта вышэй Unterʼa — валета’ (Чэрнышаў, РР н. с., 1928, 2, 61).
Вы́шнік 2 ’гара, вышкі’ (Бяльк.). Ад вышкі або ад выш‑ (гл. вышка). Параўн. вышкі.
Вы́штамаваць ’зрабіць выемку паза па канту’ (Сцяшк.). Запазычанне з польск. wysztamować ’зрабіць дзіркі долатам у бервяне для ўстаўлення іншага бервяна’.
Вышурэ́нне ’вышароўванне’, вымыванне з дапамогай жорсткай рэчы’ (Бяльк.). З вышараванне да шараваць (гл.) з пропускам суфікса, відавочна, для падкрэслівання аднаразовасці дзеяння.
Вы́шыкацца ’патроху высыпацца’ (Касп.); ’зрабіцца пустым’ (Грыг.). Гл. шыкаць. Прыклад з Грыгаровіча «…вышыкалісь ракі…» паказвае, відавочна, і на значэнне ’шаптацца, скончыць шаптацца > задыхнуцца, заснуць (аб раках)’; параўн. рус. перешепта́ться, укр. ви́шептатися ’перастаць шавяліцца, задыхнуцца (аб раках)’.
Вышыня́ (БРС, Яруш., Шат., Мал.), вышыня́, вы́шынь, вышы́нь ’вышыня’; ’гара, узвышша’ (Яшк.). Рус. вышина́, укр. вишина́, польск. wyżyna, в.-луж. myšina, чэш., славац. vyšina, серб.-харв. висѝна, славен. višína, балг. висина́, висине́, макед. вишина. Ад асновы выш‑ (якая, напрыклад, у выш ’вышыня’ < vysjь; гл. таксама высокі) з дапамогай суф. ‑іна. Некалькі іначай аб словаўтварэнні Махэк₂, 705; Шанскі, 1, В, 239.
*Вы́шыць, вы́шыты ’сплесці (скрынку з саломы)’ (драг., Выг. дыс.). Гл. шыць. У семантычных адносінах параўн. укр. пошива́ти ’крыць страху саломай’, польск. poszyć, чэш. poši(va)ti, серб.-харв. pòšiti ’тс’.