Вэ́гаўка ’гушкалка’ (Сцяшк. МГ). Мабыць, фанетычная трансфармацыя слова *вага́ўка (да вага́цца ’калыхацца, гайдацца’). Вэ́гаўка атрымала свой вакалізм ‑э́‑ па суадносінах тыпу багно́ — бэ́гна, барса́ць — бэ́рсаць, вархо́л — вэ́рхал (дзе пад націскам нібы «аднаўляецца» э).
Вэ́дле ’побач’ (Жд.). Параўн. ст.-бел. ведле, ве́для, вэдля (Булыка, Запазыч.) ’адпаведна, паводле’. Укр. дыял. вегля́, ві́для (ст.-укр. ведля, ведлѣ). Запазычанне з польск. wedle (< vъ‑dьle). Гл. Рудніцкі, 1, 331; Булыка, Запазыч., 58. Параўн. Брукнер, 606. Гл. яшчэ Булахаў, Веснік БДУ, № 1, 1973, 59–61. Але бел. формы тыпу во́дле, во́длі могуць быць не запазычанымі (хоць такая магчымасць у прынцыпе не выключаецца: во́дле < wedle, з адаптацыяй першай часткі да ўсх.-слав. слоў з во‑ < въ‑), а спрадвечна ўсх.-слав. (аб гэтым гл. Фасмер, 1, 334).
Вэ́длік ’сноп’ (Сцяшк. МГ). Слова не зусім яснае па паходжанню. У іншых крыніцах яго няма, няма і ў суседніх мовах (рус., укр., польск.). Можна толькі прывесці некаторыя меркаванні наконт магчымасці этымалагізавання. У бел. мове ёсць слова мэ́длік (з шматлікімі фанетычнымі і марфалагічнымі варыянтамі; гл. ДАБМ, 874–877, № 286), якое азначае ’малая ўкладка снапоў у полі’. Можна думаць, што вэ́длік узнікла дысіміляцыяй з мэ́длік (м — л > в — л), а значэнне ’сноп’ (калі сапраўды такое ёсць) развілося з ’малой укладкі снапоў’ (’малая ўкладка снапоў > сноп’).
Вэ́длуґ, во́длуг ’паводле, у параўнанні’ (Мал., Шат., Сцяц., Жд., Янк. Мат.), вэ́длуг (тураў., Выг. дыс.), вэ́длук (Бір. Дзярж.). Ст.-бел. ведлугъ (Булыка, Запазыч.). Запазычанне з польск. według (< vъ‑dъlg‑, vъ‑dьig‑; аб польскім слове гл. Брукнер, 90). Бел. форму водлуг можна лічыць адаптацыяй (першая частка трансфармавалася паводле ўсх.-слав. во‑ < въ). Таму вельмі няпэўнымі здаюцца меркаванні Яшкіна, Бел.-польск. ізал., 154–155 (форма ‑длуг ясна ўказвае на польскую фанетыку: długi). Гл. яшчэ Булахаў, Веснік БДУ, № 1, 1973, 59–61.
Вэ́дрык ’божая кароўка’ (З жыцця), укр. ве́дрик. Паводле Трубачова, Эт. сл., 1, 180–182, вэ́дрык — вынік трансфармацыі асновы *bedr‑, засведчанай у назвах божай кароўкі ў слав. мовах (агляд гл. у Трубачова, там жа). Іншая версія: сувязь з *vedr‑ ’яснае надвор’е і да т. п.’ (гл., напр., Г. Ф. Шило, Названия божьей коровки в украинских говорах («Совещание по общеславянскому лингвистическому атласу». М., 1969, с. 37).
Вэ́зґаць ’мазаць, размазваць, маляваць’ (Мал.), вэ́дзґаць ’мазаць, брудзіць, пэцкаць, размазваць’ (Янк. Мат., Бір. Дзярж.), вэ́дзгаць (Шат., БРС), вэ́дзгацца ’пэцкацца, абрабляцца’ (КЭС, лаг.). Параўн. рус. дыял. (пск., цвяр., калуж., смал.) ва́згать ’пэцкаць, брудзіць’, ва́згаться ’пэцкацца, брудзіцца’ (СРНГ). Група слоў не вельмі яснага паходжання. Лічыцца (гл. Шэфтэловіц, KZ, 54, 240 і далей) роднасным з рус. возгря́, ст.-слав. возгри, славен. vózger, чэш. vozher, славац. vozger, польск. wozgrza, в.-луж. wozhor ’сапля’ (але паходжанне гэтай групы слоў таксама не зусім яснае). Гл. Фасмер, 1, 267, 333; Брукнер, 631; Махэк₂, 697. Вакалізм беларускага слова адрозніваецца ад рускага (апошні можна лічыць зыходным). Відавочна, ‑э‑ замест старога ‑а‑ ўзнікла па мадэлі тыпу бэ́рсаць — барса́ць (гл.) з націскным ‑э́‑ і ненаціскным ‑а‑. Але ў такім выпадку трэба для бел. формы лічыць *вазга́ць (з націскам на апошнім складзе). Форма вэ́дзгаць з ‑дз‑ замест ‑з‑, відаць, другасная (як аб гэтым сведчаць формы ў рус. мове). Не выключаецца і ўплыў слоў. з аналагічнай семантыкай і падобнай фанетычнай структурай (напр., слова пэ́цкаць, дзе група ‑цк‑ — гэта глухі варыянт групы ‑дзг‑). З бел. мовы запазычана польск. дыял. wedzgać ’тс’.
Вэ́ксаль ’вэксаль’ (Шат., БРС). Рус. ве́ксель, укр. ве́ксель. Першакрыніцай запазычання з’яўляецца ням. Wechsel (у рус. мове гэта слова сустракаецца ў Пятроўскую эпоху ўпершыню ў 1700 г.). Можна меркаваць, што для бел. і ўкр. моў крыніцай было рус. ве́ксель, хоць не выключаецца і непасрэднае запазычанне з ням.
Вэль ’вуаль, вэлюм у маладой’ (Малчанава, Мат. культ., 167). Гэтага слова няма ні ў польск., ні ў рус., ні ва ўкр. мовах, і ў зах.-еўрап. мовах не знаходзіцца нічога, што б магло быць крыніцай бел. слова. Таму можна меркаваць, што яно ўтворана на беларускай глебе: відавочна, гэта скарачэнне або слова вэ́люм або ж вэ́лян (можа, не без уплыву ідэнтычнай па семантыцы лексемы вуа́ль). Толькі выпадкова бел. слова супадае з серб.-харв. ве̏о (род. ве̏ла) і славен. vel ’пакрывала, вуаль’ (паўдн.-слав. лексемы ўзяты з іт. velo < лац. vēlum), таму што аб запазычанні бел. мовай з серб.-харв., славен. або іт. не можа быць размовы.