Вэль ’вуаль, вэлюм у маладой’ (Малчанава, Мат. культ., 167). Гэтага слова няма ні ў польск., ні ў рус., ні ва ўкр. мовах, і ў зах.-еўрап. мовах не знаходзіцца нічога, што б магло быць крыніцай бел. слова. Таму можна меркаваць, што яно ўтворана на беларускай глебе: відавочна, гэта скарачэнне або слова вэ́люм або ж вэ́лян (можа, не без уплыву ідэнтычнай па семантыцы лексемы вуа́ль). Толькі выпадкова бел. слова супадае з серб.-харв. ве̏о (род. ве̏ла) і славен. vel ’пакрывала, вуаль’ (паўдн.-слав. лексемы ўзяты з іт. velo < лац. vēlum), таму што аб запазычанні бел. мовай з серб.-харв., славен. або іт. не можа быць размовы.
Вэ́люм (БРС, Сцяшк. МГ, Сіг.). Гэта слова засведчана ў ст.-бел. мове з XVII ст. «ходила в мниской одежи и велюмъ на голове носила» (Булыка, Запазыч.) і лічыцца запазычаннем з лац. vēlum (Булыка, там жа). Але сучаснае бел. вэ́люм хутчэй за ўсё ўзята не з лац. мовы, а з польск. welum (а гэта, зразумела, з лац.).
Вэ́лян ’вэлюм’ (Сцяшк. МГ), вэ́лен (Шат., Жд.). З польск. welon ’велюм’, якое лічыцца запазычаннем з іт. velo (а гэта з лац. vēlum). Гл. Słownik wyrazów obcych, wyd. 8‑е. Warszawa, 1962, стар. 698. Параўн. вэлюм.