Вэль ’вуаль, вэлюм у маладой’ (Малчанава, Мат. культ., 167). Гэтага слова няма ні ў польск., ні ў рус., ні ва ўкр. мовах, і ў зах.-еўрап. мовах не знаходзіцца нічога, што б магло быць крыніцай бел. слова. Таму можна меркаваць, што яно ўтворана на беларускай глебе: відавочна, гэта скарачэнне або слова вэ́люм або ж вэ́лян (можа, не без уплыву ідэнтычнай па семантыцы лексемы вуа́ль). Толькі выпадкова бел. слова супадае з серб.-харв. ве̏о (род. ве̏ла) і славен. vel ’пакрывала, вуаль’ (паўдн.-слав. лексемы ўзяты з іт. velo < лац. vēlum), таму што аб запазычанні бел. мовай з серб.-харв., славен. або іт. не можа быць размовы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)