Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вы — асабовы займ. 2 асобы мн. л., укр. ви, рус. вы, польск. wy, чэш. vy, славац. vy, славен. vȋ, серб.-харв. ви̑, балг., макед. вие. Агульнаславянскае, ускосным склонавым формам адпавядаюць ст.-прус. wans — він. скл. мн. л. ’вас’, лац. vōs, авест. , ст.-інд. vas — энклітыка він. скл. падв. л., род. скл. мн. л., грэч. ὑμᾶς і інш.; старажытная форма наз. скл. мн. л., якой адпавядаюць ст.-прус. ious, літ., лат. jūs, авест. yužəm, yūš, ст.-інд. yūyám, гоц. jus (і.-е. *i̯ūs) была страчана пад уплывам ускосных склонавых форм (Фасмер, 1, 366; Брукнер, 637; Махэк₂, 704; Младэнаў, 65; Праабражэнскі, 1, 103). Вы ў звароце да адной асобы адз. л. засвоена праз польск. з заходнееўрапейскіх краін, дзе пачало ўжывацца ў такім значэнні ў сярэднія вякі (Махэк₂, 704; Шанскі, 1, В, 218).

Вы — прыстаўка, характэрная пераважна для паўночна- славянскіх моў (укр. ви‑, рус. вы‑, польск. wy‑, чэш. vy‑, в-, луж. wu‑), якой у паўднёваславянскіх па значэнню часцей за ўсё адпавядае из‑. Роднасная ст.-в.-ням. ūz (сучасн. ням. aus ’з’), гоц. ūt, ст.-інд. ud ’на, уверх, з’ і інш. Пры калькаванні ў беларускай літар. мове звычайна служыць для перадачы рус. из (< ц.-слав.); параўн. рус. истребоватьбел. вытрабаваць, 124) извергнутьбел. вывергнуць і пад. (Крукоўскі, Уплыў, 124).

Вы́бавіць ’выманіць, выцягнуць’ (БРС, КТС) ’выратаваць’ (КЭС, лаг.), ’з вялікімі цяжкасцямі дастаць што-небудзь або каго-небудзь з цяжка праходнага, загубнага месца, увогуле з загубных умоў’ (Янк. I), рус. ’избавить’ (Гарэц., Яруш.); ’вызваліць’ (Жд., 1), выбаўляць (Гарэц., Др.-Падб.), выбавіцца ’выйсці, вызваліцца’ (Сцяшк., Нас. Доп.), выбаўленне рус. ’избавление’ (Гарэц.); параўн. яшчэ ў Скарыны: выбавил (Воўк–Левановіч, 400‑лецце, 282), выбавити, ужытае Скарыной паралельна да збавити, избавити (Сл., Ск., 1), што, магчыма, сведчыць пра кальку непасрэдна са ст.-слав. избавити; укр. ви́бавити, ст.-рус. выбавити, польск. wybawić. Ад бавіць, бавіцца ’затрымлівацца, цягнуць час, марудзіць’, адсюль выбавіць першапачаткова ’вывесці з такога стану або ўмоў’, ст.-бел. выбавяти ’вызваляць, выручаць’ з польск. wybawiać ’тс’ (Булыка, Запазыч., 72); параўн. бел. форму незак. тр. выбаўляць.

Выба́іваць ’выгаворваць, папракаць’ (Нас.). Гл. ба́яць ’гаварыць’.

Вы́бай ’выбаіна’ (Гарэц., Байк. і Некр., КСП), вы́баіна (Мат. Гом.), выбо́іна (Шат., БРС), выбо́й (КЭС, лаг., Жыв. сл.), укр. ви́бій ’ямка ў земляной падлозе; выбоіна’, вибо́іна, рус. вы́бой, выбо́ина ’тс’, польск. wybój ’выбоіна’. Ад выбіць.

Вы́байсьціць ’вылаяць, адбэсціць’ (З нар. сл.). Да бэ́йсьціць ’лаяць’, што, відаць, з бэ́сціць ’тс’ (гл.).

Вы́балачыць ’павыходзіць, з’явіцца’ (Сцяшк.). Няясна, магчыма, да валачыць ’цягнуць’ з распадабненнем в, б (гл.). Параўн. таксама рус. вы́болочься ’выскачыць (са скуры)’.

Вы́бар ’выдзяленне якога-небудзь прадмета ці інш. з рада падобных; магчымасць такой аперацыі’, укр. вибір, рус. выбор, польск. wybór, чэш. výběr, славац. výber, каш. vœbǒr. Утворана ад вы́браць (гл. браць) бязафіксным шляхам. Вы́бары ’абранне, галасаванне’ хутчэй за ўсё з рус. выборы ’тс’.

Вы́барак ’лепшы з лепшых які-небудзь прадмет’ (Нас., Байк. і Некр.). Суфіксальнае ўтварэнне ад выбраць, значэнне ’тое, што выбрана з шэрагу яму падобных’; параўн. вы́баркі ’рэшткі’.

Вы́баркі ’рэшткі з выбраных лепшых частак’ (Нас., Бяльк.), укр. ви́бірки ’рэшткі; брак’, рус. выборки, польск. wybiórki ’адпадкі’. Суфіксальнае ўтварэнне ад вы́браць, форма мн. л. у процілегласць форме адз. л. (параўн. выбарак) мае значэнне з адценнем адмоўнасці — ’тое, што засталося, як выбралі лепшае’; параўн. пераважнае ўжыванне формы мн. л. або зборн. для абазначэння рознага тыпу адкідаў: вы́сеўкі, аці́ры і інш.

Вы́барны ’выбарны, адборны’ (БРС, Байк. і Некр.). Утворана ад выбіра́ць ’аддзяляць з масы аднародных прадметаў лепшыя’, гл. выбо́рны.