Вы́вад 1 (БРС) ’заключэнне’ (Др.-Падб., Яруш.), укр. вивід ’вывад, вынік’, рус. вывод ’заключэнне, вынік’, польск. wywód ’доказ, тлумачэнне, высвятленне’, чэш. vývod ’вывад, заключэнне’, славац. vývod ’тс’. Утворана бязафіксным спосабам ад дзеяслова выво́дзіць (да вадзі́ць), значэнне ’заключэнне, вынік’ другаснае на падставе першаснага ’вывядзенне каго-небудзь або чаго-небудзь за межы чаго-небудзь’ (Шанскі, 1, В, 219; Брукнер, 628).
Вы́вад 2, ву́вод: «ейцэ на вуводзі», г. зн. ’наклюнутае’ (КСТ). Утворана шляхам зваротнай дэрывацыі ад выво́дзіць ’выседжваць (яйка)’.
Вы́вадак (БРС, Інстр. III, Цых.), укр. ви́водок, рус. вы́водок. Ад вы́вад ’тс’; параўн. укр. ви́від ’вывадак, род’, рус. вывод ’тс’, вытворнага ад выво́дзіць ’прыводзіць, нараджаць (пра птушак, звяроў)’.
Вы́валака рус. ’тягостный выход в болезни’ (тлумачэнне Насовіча, Нас. Доп.); параўн. рус. смал. выволакивать с горя ’вызваляць з бяды’. Ад вы́валачыцца ’вылезці, выкараскацца’; параўн. польск. wywlec się ’тс’, семантычная паралель — рус. выва́ливаться ’выздараўліваць’.
*Вы́вальніцца, ві́вальніцца ’выпарыцца ў печы’ (КСТ). Ад ва́льня ’лазня, парылка’ (гл.).
Вы́вальґіс ’гультай, абібок’ (Цых.). Фанетыка (ґ узрыўное) паказвае на запазычанне і канец слова нагадвае літ. val̃gis ’ежа’. Магчыма, частковая калька з невядомага літоўскага экспрэсіўнага назоўніка тыпу пражора; параўн. išválgyti ’з’есці, выесці’.
Вы́варат 1 ’адваротны бок тканіны’ (Нас., Яруш., Байк. і Некр., БРС), укр. ви́ворот, рус. вы́ворот. Да вывара́чваць, вы́вернуць ’перавярнуць, павярнуць іншым бокам’.
Вы́варат 2 ’вывернутае дрэва’ (БРС, Янк. I, Інстр. III), вываратак ’тс’ (Мат. Гом.). Гл. вывараць.
Вы́варатка. Насовіч тлумачыць рус. ’хозяйственный оборот’ (Нас.), вываро́тка ’выкрутка’ (Байк. і Некр., Нас.). Ад вываро́чвацца ’выкручвацца, пазбягаць цяжкага становішча’. Гл. варочаць.
Вы́варацень ’адваротны бок (тканіны)’ (Шат., Уладз.). Гл. выварат 1.
Вы́вараць ’вывернутае з карэннем дрэва’ (Касп., Шат.; докш., бялын., Янк. Мат.), вы́варацень ’тс’ (Шат., Байк. і Некр., Інстр. III), вы́варацца ’тс’ (Касп.). Ад вы́вараціць, гл. варочаць.
Вы́вахаць ’выветрыць усё смецце з зерня’ (Сцяшк.). Да польск. wachać ’махаць, калыхаць, веяць’, wahać ’тс’.