Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Выхава́нне (БРС, Нас., Яруш., Гарэц., Байк.). Запазычанне з польск. wychowanie ’тс’ (Кюнэ, Poln., 115), дзе яно з’яўляецца калькай франц. éducation (Унбегаўн, RÉS, 12, 45). З польск. wychowanka запазычана таксама бел. выхава́нка ’прыёмная дачка, выхаванка’, а бел. выхава́нец ’прыёмны сын, выхаванец’ з’яўляецца калькай польск. wychowaniec ’тс’ (Кюнэ, там жа). Улічваючы даўняе выкарыстанне (параўн. у Ф. Скарыны выхование — Воўк–Левановіч, Мова выданняў, 282) і шырокае распаўсюджанне гэтых слоў, нельга прыняць пункт гледжання Крукоўскага (Уплыў, 127) аб калькаванні рус. воспитанник, воспитанница ў бел. выхаванец, выхаванка.

Вы́хаваць (БРС, Нас.). Запазычанне з польск. wychować ’выхаваць’. Гл. выхаванне.

Выхады́ ’вантробы’ (Касп.). Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад выхадзіць (гл. хадзіць). Параўн. рус. выходник ’сасуд у целе чалавека або жывёліны’.

Выханда́сы ’жэсты, міміка’, выханда́снік ’мім’ (Шпіл.). Няясна. Магчыма, роднаснае хандо́га ’той, хто любіць чыстату, ахайнасць’ (гл.), выхандо́жыцца ’прыбірацца, упрыгожвацца’ (Нас.), рус. худо́гий ’дасведчаны, вопытны’, укр. худо́га ’майстар, мастак’, польск. chędogi ’чысты, ахайны’, chędožyć ’чысціць, прыбіраць; цвічыць’ (Аб апошніх гл. Брукнер, 178 і наст.; Фасмер, 4, 282). Адносна суфіксацыі параўн. выкрутасы.

Вы́хартацца ’прагаладацца’ (Касп.), вы́хартавацца ’тс’ (Юрч.). Рус. дыял. пск., смал. вы́хортаться ’прагаладацца ад хадзьбы, работы’, пск., цвяр. хортать ’жыць абы-як, перабівацца’, чэш. chrt ’хорт (сабака)’ і ’вельмі худы чалавек’. Усё ад хорт (гл.) (Фасмер, 4, 268; Махэк₂, 207).

Вы́хаяць (БРС). Гл. ахайны, хай.

Вы́хват ’чапяла’ (Сцяшк.). Рус. дыял. смал. вы́хватень ’тс’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад выхваціць (гл. хваціць).

Вы́хвацень ’ляпёшка з хлебнага цеста’ (Вешт. дыс.); ’корж’ (Мат. Гом.), выхватка ’малы хлябок, спечаны на скаварадзе’ (Сцяшк.). Ад выхваціць. Параўн. у семантычных адносінах чэш. дыял. vychopeň, польск. wychopień ’тс’.

Вы́хілка ’манера, звычка’ (Жд., 2), выхілкі ’тс’ (Мара.), вы́хілкі ’высмейванне і перадражніванне чужых слоў’ (КЭС, лаг.). Ад выхіляць(ца) (гл. хіліць) пры дапамозе суф. ‑к‑.

Вы́хрыст (БРС, Яруш.). Гл. выкрэст.