Вы́езд ’дзеянне па дзеяслову выездзіць’ (БРС), вы́ізд ’адна з дзвюх доўгіх вяровак, якімі падцягваюць невад к берагу’ (З нар. сл., полац.). Рус. выезд ’вы́езд’, дыял. ’лодка, якая выязджае з сялення да парахода’, укр. выізд, польск. дыял. wyjazd ’выезд’; ’вясельны абрад, вечарынка ў маладога перад жаніцьбай’, чэш. výjezd. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад выездзіць.
Вы́емка (БРС), вы́емка, вы́ем, вы́емак ’тс’ (Яшк.). Рус. вы́емка, укр. ви́імка. Ад вы́ем (бязафікснага ўтварэння ад выѭти ’выняць’, выиму; гл. Шанскі, 1, В, 222) або непасрэдна з тым жа суфіксам ад асновы цяпер. часу гэтага дзеяслова.
Вы́ерсканіць ’вылаяць, зняважыць’ (Шпіл.). Няясна. Магчыма, ёсць сувязь з лат. ẽrsināt ’злавацца’, літ. ẽrzdinti ’тс’.