Вягало, вягела ’мянтуз, мянёк’ (Лаўманэ, Лекс. балтызмы, 16). Запазычанне з літ. vėgėlė̃ ’тс’ (параўн. таксама лат. vēdzele ’тс’). Гл. Лаўманэ, там жа (з дакладнай геаграфіяй пашырэння беларускага слова). Паходжанне літ. слова няяснае (гл. Фрэнкель, 1212; там і некаторыя меркаванні Эндзеліна). Вя́гело ў бел. гаворках таксама ’нехлямяжы чалавек’. Пра сувязь значэнняў ’нехлямяжы’ і ’мянтуз’ гл. у Лаўманэ, там жа, 16–17.
Вядвабны ’шаўковы’ (Дзмітр.). Дыялектная форма (з пратэтычным в‑) слова ядва́бны ’тс’ (гл.). Параўн. аналагічную з’яву ў слове вя́зьмін (гл.) < язьмін, вярмо́ < ярмо́.
Вя́дзець ’вянуць, сохнуць’ (Шат.). Да слав. *vęd‑nǫti ’вянуць’ (гл. вя́нуць), але марфалогія слова застаецца няяснай. Параўн. укр. (з «прэфіксам» че‑) чевʼя́діти ’занепадаць, хварэць’, таксама чавʼя́діти.
Вядзме́дзь, таксама нядзведзь ’мядзведзь’ (Інстр. II). Рус. дыял. ведме́дь, укр. ведмі́дь (дыял. медві́дь). Гэтыя словы ўзніклі перастаноўкай складоў з прасл. *medvědь (*medhu̯‑ēd‑is), літаральна ’мёдаед’: ст.-рус., ст.-слав. медвѣдь, бел. мядзве́дзь, рус. медве́дь, польск. дыял. miedźwiedź, чэш. medvěd, балг. медве́д, серб.-харв. мѐдвјед і г. д. Першапачатковая і.-е. назва захоўваецца ў грэч. ἄρκτος, лац. ursus, ст.-інд. ŕ̥kšas ’мядзведзь’. Славяне замянілі першапачатковае і.-е. слова апісальным выразай з меркаванняў табу (падобнае сустракаецца, напр., у ням. мове, дзе Bär ’мядзведзь’ азначае літаральна ’карычневы’). Гл. Фасмер, 2, 589; Бернекер, 2, 30 і далей; Клюге, 50–51.
Вядзяя́ ’від сеткі для лоўлі рыбы’ (Сцяшк. МГ). Запазычанне з літ. vedė́ja, vedėjà ’тс’ (да этымалогіі літ. слова гл. Фрэнкель, 1211).
Вядо́мы (БРС, Шат., Яруш., Грыг., Бяльк., Касп., Нас.). Укр. відо́мий, польск. wiadomy, чэш. vědomý і г. д. Слав. *vedomъ (да *věděti). Магчыма таксама лічыць, што ўсх.-слав. словы — запазычанні з польск. Адносна вядо́ма (БРС, КЭС, лаг.; Бяльк., Касп.) Мядзведзкі, напр., лічыў, што гэта слова запазычана з польск. мовы.
Вядро́ ’вядро’. Ст.-рус. вѣдро, рус. ведро́, укр. відро́, польск. wiadro, чэш. vědro, ст.-слав. вѣдро, балг. ведро́, серб.-харв. вѐдро і г. д. Прасл. *vědro ’вядро’. Гэта слова адносіцца да і.-е. асновы на ‑r/n‑, *u̯ed‑r‑: *u̯ed‑n‑ ’вада’; гл. вада́. Гэта значыць, што першаснае значэнне слова «вядро» — ’пасуда для вады’. Да семантыкі параўн. грэч. ὑδρία ’вядро для вады’ (ὕδωρ ’вада’). Прасл. вакалізм ‑ě‑ — ступень падаўжэння. Параўн. Фасмер, 1, 283–284; Брукнер, 610 (з вельмі дзіўнай заўвагай: «tylko małorus. wedro, zamiast *widro, niezgodne w samogłosce»); Махэк₂, 681; БЕР, 1, 127. Няпэўная сувязь з літ. vė́daras ’страўнік’, ст.-інд. udáram ’бруха; чэрава, лона’ (супраць Фасмер, 1, 284).
Вядру́гі ’гразкая частка дарогі’ (Сцяшк. МГ). Няясна. Магчыма, паланізм. Параўн. польск. wydrążać ’выдоўбваць’. Спачатку вядру́гі мела значэнне ’калдобіны, выбаі’.
Вяз ’дрэва вяз, Ulmus’ (БРС, Арх. Бяльк., Кіс., Яруш., КЭС, лаг.; Шат., Бяльк., Сцяшк. МГ), вя́зіна ’тс’ (Касп.). Ст.-рус. вязъ, рус. вяз, укр. вʼяз, польск. wiąz, чэш. vaz, серб.-харв. ве̑з. Прасл. *vęzъ ’тс’. І.‑е. *u̯ing̑‑ (?) ’вяз’: літ. vìnkšna, лат. vîksna ’тс’ (*u̯enž‑snā < *u̯eng̑‑snā), алб. vith, vldhë (*u̯inža‑ < *u̯ing̑‑) і г. д. Гл. Фасмер, 1, 374; Траўтман, 360. Вельмі няпэўнай з’яўляецца думка пра сувязь з прасл. *vęzati ’вязаць’.
Вяза́ць. Ст.-рус. вязати, рус. вяза́ть, укр. вʼяза́ти, польск. wiązać, чэш. vázati, ст.-слав. вѧзати, балг. ве́жа, ве́звам, серб.-харв. ве́зати і г. д. Прасл. *vezati, *vežǫ (*vęzi̯ǫ) ’тс’ і *vęzti, *vęzǫ (параўн. ц.-слав. оувѧзти, ст.-чэш. viezti vazu). Паходжанне ўсёй групы слоў не вельмі яснае. Агляд этымалогій гл. у Фасмера, 1, 374. Параўн. Махэк₂, 679.