Вядро́ ’вядро’. Ст.-рус. вѣдро, рус. ведро́, укр. відро́, польск. wiadro, чэш. vědro, ст.-слав. вѣдро, балг. ведро́, серб.-харв. вѐдро і г. д. Прасл. *vědro ’вядро’. Гэта слова адносіцца да і.-е. асновы на ‑r/n‑, *u̯ed‑r‑: *u̯ed‑n‑ ’вада’; гл. вада́. Гэта значыць, што першаснае значэнне слова «вядро» — ’пасуда для вады’. Да семантыкі параўн. грэч. ὑδρία ’вядро для вады’ (ὕδωρ ’вада’). Прасл. вакалізм ‑ě‑ — ступень падаўжэння. Параўн. Фасмер, 1, 283–284; Брукнер, 610 (з вельмі дзіўнай заўвагай: «tylko małorus. wedro, zamiast *widro, niezgodne w samogłosce»); Махэк₂, 681; БЕР, 1, 127. Няпэўная сувязь з літ. vė́daras ’страўнік’, ст.-інд. udáram ’бруха; чэрава, лона’ (супраць Фасмер, 1, 284).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)