Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вяша́к ’пятля на адзенні для вешання’ (Жд., КСТ); ’насценная вешалка’ (Жд., 2, КСТ, Сцяц.), вешак, вешакі ’прыстасаванне для сушкі’ (КСТ), вэшак ’жэрдка ў лазні, на якую вешаюць бялізну’ (лун., Шатал.). Улічваючы суфіксацыю і зону распаўсюджання слова, можна з упэўненасцю меркаваць, што гэта запазычанне з польскай мовы. Параўн. польск. wieszak ’вешалка, пятля на адзенні для вешання і да т. п.’, в.-луж. wěšak ’вешалка’.

*Вяшня́к1, вешня́к ’вясенні вецер, які вельмі сушыць дровы’ (КСТ). Укр. вешняк, рус. дыял. вешняк ’вясенні вецер’ (перм., варон., СРНГ), ве́шни́к ’вясенні вецер, паўднёва-ўсходні вецер’ (асташ., пск., цвяр., СРНГ). Ад *вешний ’вясенні’, параўн. рус. формы ў Даля, або < вясняк3 (гл.). Паводле Фасмера, 1, 309, рус. вешний < *vesni̯o ад весна; параўн., аднак, рус. дыял. вешна, вёшна, ’вясна і да т. п.’, вешный, вешной ’вясенні’ (СРНГ), якія могуць уяўляць і іншую праформу або пазнейшыя трансфармацыі.

Вяшня́к2, вешня́к ’вадзяны млын, які працуе толькі пры высокім узроўні веснавой вады’ (Яшк.). Рус. дыял. вешняк ’тс’ (СРНГ). Ад *вешний ’вясенні’; параўн. вяшняк1 або < вясняк. Суфіксацыя, як у сіняк, скразняк і да т. п.

Вяшча́ць (БРС, Крывіч, КТС). Укр. віщати, віщувати, рус. вещать, ст.-слав. вѣштати, вѣштавати, вѣщати. Паводле Жураўскага, Мат. да V Міжн. з’езда слав., 51, запазычана з царкоўнаславянскай мовы праз рускую. Далей да вешчы (гл.).

Вяшчува́ньня ’прараканне, прадказванне’ (Бяльк.). Назоўнік ад ітэратыўнага дзеяслова вяшчуваць, дзе у або толькі фанетычна, або пад уплывам слоў чуць, чуваць. Параўн. вяшчуць.

Вяшчу́н (БРС, Грыг., КТС). Укр. віщун, рус. вещун ’тс’. Крыніца бел. і ўкр. слоў — рус. мова, дзе вещун < вещать. Адносна такога тыпу словаўтварэння гл. Слаўскі, SP, 134.

Вяшчу́ха (БРС, КТС). Укр. віщуха (Грынч.). Да вяшчаць (гл.). Утварэнне па тыпу шаптаць: шаптуха; гл. аб гэтым Слаўскі, SP, 74–75.

Вяшчу́ць ’прадказваць, прадчуваць’ (Юрч.). Цяжка вытлумачыць толькі фанетычна. Відаць, уплыў чуць ’адчуваць’. Магчыма таксама, што вяшчуць < ітэратыва вяшчуваць, але і апошнюю форму трэба тлумачыць як кантамінацыю.

Вяшчэ́ль ’вяшчун’ (Крывіч). Ад вяшчаць з суф. ‑ель. Прымаючы пад увагу архаічны характар суфікса (параўн. Слаўскі, SP, 2, 108) і запазычанасць утваральнай асновы, магчыма бачыць тут штучнае ўтварэнне «пад старажытнасць». Не выключаны таксама ўплыў суфіксацыі ‑цель; параўн. рус. дыял. богатель, гл. аб апошнім Слаўскі, SP, 107.