Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вяча́й ’дзірка ў верхнім камені жорнаў, куды засыпаюць збожжа’ (Інстр. III, Шатал., З нар. сл.), вечэя́ (Тарн.), вечай (Сцяшк. МГ). Рус. вечея (СРНГ, пск.; дзве іншых фіксацыі без лакалізацыі). Слова вядома на вузкай тэрыторыі (захад рускай і беларускай моўных зон). Рус. вечея < ячея яшчэ ў Даля. Беларускія формы адпаведна ячай (Сцяшк., МГ, Мат. АС), ячэя (Тарн.). В не прыназоўнік , як дапускаў Бернекер, а пратэза; параўн. дублеты: ветроўка/ятроўка (КСТ), вехо/эхо (КСТ), вікона/ікона (Янк. I), ветаж < этаж (Жд., 2). Незразумела нечея (Сцяшк. МГ), відавочна, выпадковая форма н + j. Прымаючы пад увагу бічай ’круглая дзірка ў верхнім камені ручных жорнаў’ (Касп.), не выключана ўзаемадзеянне з бічайка (гл.). Да гэтага параўн. у Даля обечайка ’ячэя, ячэйка, вочка невада’; параўн. яшчэ ячэя/вечэя/очэя (Тарн.), дзе апошняя форма паказвае на збліжэнне з око ’вока’. Гл. дадаткова літаратуру пад вечай і ячай.

Вяча́ць ’верашчаць, крычаць’ (Крывіч), вэчати ’раўці’ (Бесар.). Укр. вʼяча́ти ’бэкаць’, рус. веча́ть ’крычаць’ (пск., смал., СРНГ), вяча́ць ’вішчаць’ (Даль), вячу́ ’плачу’, вя́чать (Фасмер), славен. vẹ́čati ’крычаць’ (Плет.). Гукапераймальнае ўтварэнне, чым тлумачацца ваганні ў фанетыцы. Параўн. «вуол вэчит» (Бесар.), «вячить… блеять, кричать как овцы» (Даль, 1, 830). Нельга аддзяляць ад вякаць; гл. Фасмер, 1, 375; Рудніцкі, 1, 510. Вякаць (вячаць, як буркаць) бурчаць, ячаць/якаць і да т. п. Рус. вячать і ячать звязаны; ва ўсякім разе фармальна і фанетычна яны паралельныя; гл. Фасмер, 4, 570, 571.

Вячні́на ’вечнае валоданне’ (Касп.); ’вечнасць’ (Жд., 2). Балг. дыял. ве́чнина, мак. вечнина ’вечнасць’. Архаічнае рэгіянальнае ўтварэнне ад večьnъ з суф. ‑ina. Аднак, прымаючы пад увагу прадуктыўнасць суфікса ‑ina (гл. Слаўскі, SP, 120–123), не выключана магчымасць самастойнага ўтварэння.

Вячо́рашні ’які быў учора вечарам’ (Байк. і Некр., Гарэц., Яруш.), вечорошній ’тс’ (Нас.). Рус. вечорошни(ы)й ’тс’ (Даль). Ад *вечорась ’учора, учора вечарам’; параўн. рус. вечорась ’тс’ (вяц., валаг., наўг. і г. д., СРНГ). Параўн. славен. večę̑rkah ’вечарам’ і večę̑rkašnji ’пасляабедзенны’ (Плет.). З іншай семантыкай фармальна тоесныя ўкр. зах. вече́рішній ’вячэрні’, серб.-харв. вечѐрашњи, славен. večę́rašnji, макед. вечерашен ’тс’, якія пацвярджаюць старажытнасць утварэння. Да формы вечорась параўн. рус. дыял. вчерась; гл. Фасмер, 1, 366 (там і заўвагі адносна склону). Параўн. яшчэ ст.-рус. дьньсь, рус. утрось, летось і г. д., якія, паводле Сразнеўскага, 1, 772, уяўляюць сабой формы він. скл. + указальны займеннік; з’ява яшчэ праславянская.

Вячо́рка ’вячоркі’ (Бяльк., Касп., КТС). Рус. вечорка, балг. дыял. вечерка ’тс’. Утворана з дапамогай суфікса ‑ъ‑к‑а ад асновы вечер‑. Для бел. мовы трэба ўлічваць магчымасць аднаўлення формы адзіночнага ліку ў сувязі з генералізацыяй слова вячоркі. З іншым значэннем падобныя ўтварэнні і ў іншых славянскіх мовах; параўн. польск. wieczorka ’вячэрняе паляванне’.

Вячо́ркавы ’вячэрні’ (КТС). Прыметнік ад вячорак (гл.).

Вячо́ркі (Байк. і Некр., БРС, Уладз., Гарэц., Зн., Зянк., КСТ, КТС, Мал., Сцяшк., Шат., Янк.). Укр. вечірки, палес. вечурки (Лыс., Пал.), рус. вечарка, польск. wieczorki (Карл.). Да вячорка (гл.), форма мн. л. звязана са шматразовым характарам з’явы і ўяўляе сабой характэрную асаблівасць такога тыпу слоў; параўн. рус. посиделки.

Вячо́рніца ’Hesperis matronalis L.’ (БРС, Кіс., РБС). Укр. вечерниці (душисті) (Грынч.), рус. вечерница, польск. wieczernik, в.-луж. wječornička, чэш. večernice, слав. večernica, балг. вечерник ’тс’. Да вячэрні; назва, паводле характэрнай асаблівасці расліны; тое ж у лацінскай назве.

Вячы́сты (БРС, КТС, Нас., Яруш.), вячыстасць ’вечнасць, спадчыннае ўладанне’ (КТС, Нас.), вѣчисто ’на вякі, вечна; моцна’ (Нас.). Укр. вічистий (лем., Грынч., СУМ), ст.-рус. вѣчистый (зах.-укр. тэр.; з граматы Юрыя Холмскага, 1376 г.). Польск. wieczysty, wieczyście, wieczystość ’вечны, на вякі, вечнасць і г. д.’, памор. ečəstï, чэш. věčitost ’тс’. Думку адносна запазычання з польскай мовы (Булыка, Запазыч., 61; Гіст. лекс., 94) падтрымліваюць ст.-бел. форма вечисте і адсутнасць слова ва ўсх.-бел. гістарычных помніках. Што датычыцца зах.-укр. і ст.-рус. слоў, то, мяркуючы па храналогіі і геаграфіі, неабавязкова разглядаць іх як польскія запазычанні, гэта хутчэй агульная з’ява. Неабходна адзначыць, што як для ўсх.-слав. моў, так і для польскай суфіксацыя ‑іст‑ у дадзеным выпадку не з’яўляецца натуральнай; гл. Gr. hist., 226 і наст. З паралельнай суфіксацыяй ‑it‑ аналагічныя ўтварэнні ў іншых славянскіх мовах: чэш. večitý, славац. večitý, балг. вечи́т, макед. вечит, вечито, серб.-харв. вѐчит, вѐчито ’тс’.

*Вячэліна, вече́ліна ’дубец з вярбы’ (КСТ). Верагодна, ад *вецеліна (ветʼеліна), якое далей да *вецельны (< ветла). Цяжкасці выклікае тлумачэнне ч. Параўн., аднак, рус. дыял. вечина ’гнуткі дубец’ (СРНГ), дзе ч, магчыма, < тʼ (ветʼина). Параўн. яшчэ процілеглую з’яву: тураў. чэрэпок/цэрэпок (КСТ).