Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вуа́ль (БРС, КТС). З рус. вуаль (Крукоўскі, Уплыў, 79), дзе ў сваю чаргу з франц. volle (Фасмер, 1, 365).

Вувто́рак (Бес.). Гл. аўторак.

Ву́гал, род. скл. вугла́ (БРС, Нас., Др.-Падб., Шат., Касп., Бяльк., Інстр. I, КЭС, Жд., 1) ’частка сушы, якая вуглом уразаецца ў балоцістае месца або сенажаць’ (Яшк.), вуго́л ’месца, дзе межы поля ўтвараюць прамы вугал’ (Яшк.). Рус. у́гол, род. скл. угла́, укр. ву́гол, ст.-рус. уг(ъ)лъ, ст.-слав. ѫгълъ, польск. węgieł, род. скл. węgla, чэш. úhel, славац. uhol, в.-луж. nuhł, н.-луж. nugeł, балг. ъ́гъл, серб.-харв. у̏гао, у̏гал, род. скл. у̏гла, славен. vȏgǝl, род. скл. vȏgla. Прасл. ǫgъlъ (Махэк₂, 666; Скок, 3, 536). Роднаснымі з’яўляюцца лац. angulus ’вугал’, умбр. anglom‑e ’ad angulum’, арм. ankiun, angiun ’тс’, ст.-інд. áṅgam н. р. ’член’, aṅgúriḥ, aṅgúliḥ ’палец’, aṅgulīyam ’пярсцёнак’, а таксама лат. ancus ’крывы, выгнуты’, unkus ’тс’ ст.-інд. aṅkáh ’круг’ (Вальдэ-Гофман, 1, 46; Майргофер, 1, 19). Думка Вальдэ (KZ, 34, 513) аб запазычанні слав. *ǫgъlъ з лац. angulus адмаўляецца большасцю даследчыкаў (Праабражэнскі, 2, 117 і наст.; Фасмер, 4, 145; Махэк₂, там жа).

Ву́галка ’грэбля праз балота’ (Жд., 2). Няясна. Магчыма, ад ву́гал ’частка сушы, якая вуглом уразаецца ў балоцістае месца або сенажаць’ (Яшк.).

Ву́галь (БРС, Нас., КТС, Шат., Касп., Гарэц., Бяльк., Мядзв.). Рус. у́голь, укр. ву́гіль, ст.-рус. оуг(ъ)ль, ст.-слав. ѫгль ’вугаль’, балг. въгле н. р. ’вугаль’, серб.-харв. у̏гаљ, славен. vọ̑gel, чэш. uhel, славац. uhol, польск. węgiel, в.-луж. wuhl, wuhel, н.-луж. hugel. Прасл. ǫgъlъ (Махэк₂, 666; Скок, 3, 537). Роднаснае літ. anglìs, ст.-прус. anglis, він. скл. адз. л. añglį̌, усх.-літ. ánglis, лат. ùogle, ст.-інд. áṅgāraḥ ’вугаль’, н.-перс. angišt ’тс’ (Траўтман, 8; Фрэнкель, 10; Фасмер, 4, 146). Сольмсен (Unters., 218) дапускае магчымасць роднасці з агонь. Аб гэтым гл. таксама Тапароў, Прус., 87.

Ву́гар ’высокае месца, бугор’ (Прышч., дыс.). Рус. уго́р ’круты бераг ракі, круча, пакаты пад’ём угору’. Ад у‑ і гара (Фасмер, 4, 146).

Вуга́рак ’лучына’ (Касп.). Запазычанне з рус. дыял. (пск., смал., наўг.) угарак ’агарак’ ад угореть ’паменшыцца ў выніку гарэння’.

Вуга́рына ’прывязка ў цэпе’ (Яшкін, БЛ, 4, 69 і наст.). Ад вугор1 з суф. ‑ін‑, таму што гэта прывязка рабілася са скуры вугра; параўн. таксама літ. дыял. uñgurio skūra ’прывязка ў цэпе’ ад ungurỹs ’вугор’ (Яшкін, там жа).

Вугня́віць ’гаварыць гугнява’ (Юрч.); ’хныкаць’ (Шатал.), вугня́вы прым. ’чалавек, які гаворыць у нос, гугнявы’ (Янк. Мат., Юрч., Шатал.), вугна́ты ’тс’ (Мат. Гом.). Гл. гугнявіць; в з’явілася вынікам успрымання г як пратэзы і замены яго пратэтычным в.

Вуго́р1 ’рыба, Anguilla’ (БРС). Рус. у́горь, ц.-слав. ѫгорищь (позняе), польск. węgorz, каш. wangorz, чэш. úhoř, славац. úhor, в.-луж., н.-луж. hugoŕ, серб.-харв. у̏гор, славен. ogór. Прасл. ǫgorь. Роднасныя: ст.-прус. angurgis ’вугор’, літ. ungurỹs ’тс’ (з *angurỹs). Лічаць, што вугор роднаснае вуж (гл.) і іншым словам таго ж кораня; параўн. літ. angìs ’вуж, змяя’, лац. anguis ’змяя’, anguilla ’вугор’, ст.-в.-ням. uns ’вуж’, ст.-ірл. esc‑ung ’вугор’ (літаральна ’вадзяная змяя’). У гэтым выпадку значэнне *ǫgorь ’падобны на змяю’ (Траўтман, 8; Шпехт, 31; Фасмер, 4, 146; Махэк₂, 667; Фрэнкель, 10). Адносна суфіксацыі параўн. ст.-в.-ням. angar, ням. Engerling, са грэч. ἴμβηρις (гл. Тапароў, Прус., 88).

Вуго́р2 ’прышч (на скуры, целе)’ (БРС). Рус. у́горь, укр. вуго́р, род. скл. вугра́ ’тс’, польск. wągr, чэш. uher, славац. uhor, в.-луж. wuhra, н.-луж. hager, серб.-харв. у́грк ’чарвяк, лічынка’, балг. въгарец ’тс’, славен. ogŕc ’чарвяк, вугор, лічынка’. Прасл. *ǫgrъ роднаснае літ. ánkštara, усх.-літ. inkštìras ’фіна, лічынка’, ст.-в.-ням. angar ’хлебны чарвяк’, н.-в.-ням. Engerling ’лічынка’ хрушча’ (Траўтман, 8; Фасмер, 4, 146; Махэк₂, 666). Магчыма, што вугор1, вугор2 і вуж маюць агульнае паходжанне. Падрабязна гл. Фасмер, там жа.