Аўто́рак ’другі дзень тыдня’ (БРС, Нас., Яруш., Бяльк., Касп., Гарэц., Серб., Грыг.), уторак, ваўторак (Рам.), гаўторак (Сцяшк.), аўторнік (Нас.), параўн. укр. вівторок, рус. вторник, дыял. авторок, авторник, польск. wtorek, славац. utorok, чэш. úterek, úterý, славен. vtórək, серб.-харв. у́торак, у̀то̄рнӣк, макед. вторник, балг. вто́рник, ст.-слав. въторьникъ, въторъкъ. Ад vъtor ’другі’, параўн. дру́гадзень ’аўторак’ (Гарэц.), апошняе, магчыма, калька з літ. antrãdienis, лат. otrdiena ’тс’; прыстаўному а‑ можа папярэднічаць пратэза в або г, параўн. Карскі, 1, 261; форма ўторак, відаць, у выніку адпадзення прыстаўнога а, характэрнай з’явы ў паўночна-ўсходніх гаворках.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)