Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вус, укр. вус, рус. ус, польск. wąs, чэш. vous, славац. fúz, в.-луж. wusy мн. л., палаб. vǫs ’барада’, славен. vȏs ’вус’, балг. дыял. въс ’барада, волас’. Прасл. *vǫsъ або *ǫsъ; параўн. ст.-прус. wanso ’першая расліннасць на твары’, ст.-ірл. fés ’барада’, грэч. ἴονθος ’юначая барада’ (*vi‑vondho‑) і інш. (Махэк₂, 697; Фасмер, 4, 169 і 477; БЕР, 1, 214; Брукнер, 604; Слаўскі, 1, 266).

Вусаві́на ’кусок поля, які ўдаецца ў лес’ (КСП). Відаць, ад вус; параўн. вусы ’кліны ў адзенні’ і пад.

Вуса́ч ’вусаты чалавек’ (Мат. Гом.); ’рыба з сямейства карпавых’ (КТС), вусач ’ячмень’ (Жд., 3, відаць, жартоўнае); параўн. таксама ўкр. вуса́ч, рус. уса́ч, польск. wąsacz, чэш. vousač. Ал вус (адносна суфіксацыі гл. Грам. бел. мовы, 1, 102; Вярхоў, Бел. мова, 76; Сцяцко, Словаўтв. 245; Слаўскі, SP, 1, 102).

Ву́свіца ’збанок’ (Янк. 1). Утворана ад ву́сце (устье > *устьица > *уствица) або ад вуста́; параўн. ст.-чэш. ústicě ’шкляная пасудзіна’ (Махэк₂, 671, ад ústa), параўн. таксама семантычна падобныя ўтварэнні тыпу гарла́ч і інш.

Ву́селкы ’почапкі’ (брэсц., З нар. сл.). Гл. вусялка.

Вусе́ль ’вусач’ (брагін., Шатал.). Ад вус, да словаўтварэння параўн. чубе́ль ’чубаты чалавек’, гарбе́ль ’гарбаты чалавек’ і пад., якія абазначаюць «асобу паводле адмоўнай прыкметы» (Сцяцко, Словаўтв., 244; Грам. бел. мовы, 1, 120).

Ву́сеніца1 ’вусень’ (Сцяшк. МГ), укр. у́сениця, гу́сениця, рус. гу́сеница, польск. gąsienica, ст.-польск. таксама wąsienica, кашуб. vansevnica, чэш. дыял. housenice, славац. húsenica, в.-луж. husańca, н.-луж. guséńca, палаб. vǫ̓sənáįćə, славен. gosênica, vosênica, серб.-харв. гу́сеница, балг. гъ́сеница, въ́сеница. Прасл. *vǫsenica (*ǫsěnica), утворанае ад *vǫsъ (*ǫsъ) ’вус’ (Бернекер, 1, 341; Младэнаў, 118; Фасмер, 2, 477; Брукнер, 604; Махэк₂, 180; Слаўскі, 1, 266; Скок, 1, 635); формы з г, якія маюць праславянскі характар, тлумачаць па-рознаму: Слаўскі (1, 266) і Якабсон (Word, 8) як вынік пратэзавання; Ваян (RÉS, 18, 77) пад уплывам gǫsь ’гусь’; Фасмер (2, 477) пад уплывам ст.-слав. гоуштерица; Скок (1, 635) кантамінацыяй з guščerica ’яшчарка’ (з-за афарбоўкі).

Ву́сеніца2 ’нарыў паміж капыта ў каровы’; ’гнаявік у капытах (у каня, каровы)’ (КСТ). Відаць, да ву́сеніца ’вусень’; параўн. семантычную паралель славац. liška ’лішай (хвароба)’ і ’вусень, матылёк’, што, як паказаў Важны (O jménech, 106 і наст.), звязана з уяўленнямі пра насякомых як разносчыкаў хвароб.

Ву́сень ’лічынка матылька’ (БРС, Шат., Сцяшк. МГ) ву́сень зборн. ’тс’ (КСТ), укр. ву́сень, гу́сень. Магчыма, утворана шляхам другаснай дэрывацыі ад ву́сеніца (гл.) як парная па роду форма тыпу лосьласіца.

Ву́сербаць ’хутка з’есці, сёрбаючы’ (Янк. II). Гл. вы́сербаць, сёрбаць.

Ву́сеўкі ’рэшткі ад прасейвання мукі’ (Мат. Гом.). Гл. вы́сеўкі, адносна фанетыкі параўн. вузверыцца.