Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вух1, выкл. для перадачы рохкання свінні (мсцісл., Нар. лекс.). Гукапераймальнае.

Вух2 ’ах, вох’ (Грыг., КТС), ’бух’ (КТС). Гукапераймальнае; параўн. укр. ух, рус. ух ’тс’.

Ву́ха, ву́хо, укр. ву́хо, рус. у́хо, польск. ucho, чэш., славац. ucho, в.-луж. wucho, н.-луж. hucho, славен. uhô, серб.-харв. у̏хо, макед. уво, мн. л. уши, балг. ухо́, мн. л. уши́. Прасл. *uxo, роднаснае літ. ausís ’вуха’, лат. àuss, ст.-прус. він. скл. мн. л. ãusins, лац. aurìs ’вуха’, грэч. οὖς, гоц. ausō (Брукнер, 592; Младэнаў, 658; Фасмер, 4, 179, з літ-рай).

Вухава́дны ’сварлівы’ (Мат. Гом.). Ад ву́ха і ва́дзіць (гл.), тут хутчэй за ўсё ў значэнні ’шкодзіць’, тады першаснае значэнне — ’той, які шкодзіць вушам (сваім крыкам і да т. п.)’.

Вухавёртка заал. (БРС). Запазычана з рус. уховёртка; параўн. шчыкаўка ’тс’ (Некр. і Байк.).

Вухадралы ’?’ (Ракітны, КТС). Відаць, іранічнае ўтварэнне ад вуха (гл.) і драць.

Ву́харэц ’зух’ (Бяльк.). Няясна; параўн. рус. ухарь ’тс’, якое Фасмер (4, 178) лічыць вытворным ад выкл. ух, гл. вух, ух, хутчэй ад дзеяслова ухать, гл. вухаць; параўн. таксама бранск. ву́ха ’бойкі, вынаходлівы хлопец’ і мсцісл. уга́р ’разудалы’ (Юрч. Сін.). Магчыма, звязана з вухры́ць ’настаўляць, вучыць’ (гл.); параўн. наву́хрыць ’намуштраваць’, падву́хрыць ’падвучыць каго, падбіць’ (Бяльк.). Прымаючы пад увагу мсцісл. угар, можна дапусціць сувязь з польск. ogar, чэш. ohař, ц.-слав. огаръ ’ганчак’, далейшая гісторыя якога застаецца няяснай (магчыма, запазычанне з усходніх моў; гл. Фасмер, 3, 117; Махэк₂, 410 і інш.).

Ву́хаць ’крычаць «вух!»’ (КСП); параўн. укр. ухати ’крычаць ух!’, рус. ухать ’тс’. Дзеяслоў, вытворны ад выкл. вух, адносна словаўтварэння гл. Васілеўскі, Прадукт. тыпы, 60.

Ву́хватка ’спосаб паводзін (пры падабенстве)’ (КСТ). Гл. ухва́тка.

Ву́хватнік ’ляпёшка, якую пякуць перад тым як саджаць хлеб у печ’ і ву́хвацень ’тс’ (КТС). Ад выхваціць (дыял. вухваціць) ’выхапіць’; параўн. іншую назву выхапень ’тс’.

Ву́хкаць ’вухаць’ (КТС). Так зв. «імітацыйны» дзеяслоў ад выклічніка вух (гл.); параўн. Васілеўскі, Прадукт. тыпы, 68, 84.