Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ву́падок ’хвароба, смерць, упадак’ (КСТ). Відаць, да выпадак (у знач. ’няшчасны выпадак’) з характэрнай для поўдня Беларусі заменай ы на у пасля губных; параўн. семантычную паралель: годзіна ’непагадзь’ і ліха годзіна ’тс’ (Нар. сл.).

Ву́пар ’крывасмок, вампір’ (Касп., Сцяшк., барыс., Шн., 2, 404); параўн. у запісах Федароўскага: «Каб ты па смерці вупарам хадзіў» (слонім., навагр., Федар., 4, 417); ’ваўкаваты, пануры чалавек’ (карэліц., З нар. сл.; Жыв. сл.); ’упарты чалавек’ (Сцяц.; КЭС, лаг.; Жд., 3; Цых.); ’надзьмуты чалавек’ (Жд., 2). Семантыка і форма слова — вынік кантамінацыі слоў упы́р ’крывасмок, вампір’ (гл.) і упіра́цца ’упарціцца’; супадзенне націску з польск. upior ’крывасмок’ не дае падстаў лічыць бел. слова запазычаннем, бо само польск. слова лічыцца запазычаннем з усх.-слав. з-за пачатковага u‑; аналагічнае развіццё значэння параўн. у рус. упы́рь ’крывасмок’ і упы́рь ’упарты чалавек’ (Фасмер, 4, 165 і наст.). Гл. упор, упі́ра ’упарты чалавек’, ’неслух’.

Вупі́сваць (рожу) ’праводзіць лініі нажом вакол хворага месца’ (КСТ). Гл. выпісваць ’пісаць’, адносна фанетыкі параўн. вузіра́ць (гл.).

Вуплува́ць ’выплываць’ (Бяльк., КСТ). Супадаючыя формы з усходу і поўдня Беларусі тлумачацца па-рознаму: магілёўская форма адлюстроўвае фанетычныя змены, звязаныя з сістэмай дысімілятыўнага акання і моцнай лабіялізацыяй ы паміж губнымі (вып‑ > вуп‑, Яшкін, Узаемадзеянне, 65; Вайтовіч, Ненаціскны вакалізм, 43 і наст.), палеская форма ўтворана ад плуць ’плыць’ з пераходам ы > у пасля губных (Вайтовіч, там жа, 45 і наст.).

Вупраж (БРС, Бяльк., КСП), рус. у́пряжь. Ад упрага́ць ’запрагаць’ (параўн. Нас., Байк. і Некр.), у шмат якіх раёнах выцеснена паланізмам збруя (Сцяцко, Словаўтв., 190); рус. упряжь Фасмер (4, 165) лічыць непасрэдным утварэннем ад прягу.

Ву́пугаць ’з’есці прагна’ (Янк. II.). Гл. вы́пугаць, пу́гаць.

Ву́пусток ’цяля, жарабя ад аднаго да двух гадоў’ (усх.-палес., З нар. сл.). Гл. вы́пустак.