Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ву́за ’вашчына, соты’ (Гарэц., Мядзв., Др.-Падб., Касп., Бяльк.), вуза́ ’тс’ (Сцяшк.); ’пчаліны клей, пропаліс’ (БРС), рус. уза́ ’тс’, дыял. ву́за ’ячэйка ў сотах’, польск. дыял. węza, węźnia ’аснова з воску, на якой пчолы робяць ячэйкі’, чэш. дыял. uzda, huzda ’сухія соты’. Да *vǫza, звязанага з вузел, вязаць (Гараеў, 385; Фасмер, 4, 152; Ніч, JP, 28, 14; Махэк₂, 673). Значэнне ’пчаліны клей’ (БРС) замацавалася, відаць, пад уплывам рус. літаратурнай мовы.

Ву́зак ’вузкі’ (Шат.), рус. у́зок, дыял. ву́зак (Растаргуеў, Бранск.), серб.-харв. у̏зак, славен. ózek. Прасл. ǫzъkъ — кароткая форма прым. (гл. вузкі ’тс’).

Ву́залавак ’драўляны брусок над пярэдняй воссю ў возе’ (свісл., Шатал.), ву́залаўка ’тс’ (Жд., 2). Да вузгалавак ’тс’ са спрашчэннем спалучэння зычных, звязаным з дээтымалагізацыяй слова, гл. вузгалаўе.

Ву́звалак ’брус у калёсах, што ляжыць на пярэдняй восі’ (навагр., Шатал.). Гл. ву́залавак ’тс’, магчымы ўплыў з боку дзеяслоўных форм тыпу узваліць ’пакласці што-небудзь цяжкае’, узвалачы ’сцягнуць наверх і інш.’; падабенства да узвалак ’высокае, узвышанае месца’, відаць, выпадковае.

Ву́зварат ’прамежак паміж плотам і полем’ (Янк. I); ’выган, выпас’ (калінк., Мат. Гом.). Гл. вызварат, узварот.

Ву́зверыцца ’люта, раз’юшана, па-зверску глянуць’ (глус., Янк. II). Гл. вызверыцца ’тс’, адносна фанетыкі Карскі (1, 237 і наст.), Асоўскі (LSL., 3А, 1934, 49 і наст.), ДАБМ (карта 39).

Ву́згал ’узгалоўе пасцелі’ (Касп.). Ад узгалоўе ’тс’ (прасл. vъz‑golvьje) шляхам адсячэння канцавой часткі слова, успрынятай як паказчык зборнасці, параўн. кусткустоўе зборн. ’кусты’, параўн. таксама іншыя назвы ўзгалоўя — гало́вы, галава́шкі і пад.; дээтымалагізацыяй у выніку дэкампазіцыі, відаць, тлумачыцца і перацяжка націску на пачатак слова, а таксама наяўнасць пратэзы перад націскным прыставачным уз‑, паколькі звычайна пратэза з’яўляецца перад націскным каранёвым у (Нарысы, 139); параўн., аднак, рус. узг ’вугал, край’, узгол ’вугал’, польск. wązg ’пала’, этымалогія якіх няпэўная (Фасмер, 4, 153).

Ву́згалавак ’плашка, у якой замацоўваюцца ручкі ў возе’ слонім., ваўк., маст., бераст., свісл., шчуч. (Сцяц., Словаўтв.), ву́зголовок ’тс’ (палес., Маслен.), ву́згалаўка ’тс’ (Янк. II), узгалавак ’тс’ (Сержп., Грам.). Народны тэрмін хутчэй за ўсё ўзнік шляхам метафарычнага пераносу з бытавой сферы, пра што могуць сведчыць адпаведныя словы ў іншых слав. мовах; параўн. польск. wezgłówek ’падушка’, серб.-харв. у́зглавак ’тс’, балг. възгла́вка ’тс’, а таксама іншую назву той жа дэталі паду́шка, аднак адсутнасць нетэрміналагічнага ўжывання слова ў беларускай мове дазваляе бачыць у ім самастойнае ўтварэнне тыпу узмежак, згодна Карскаму (2–3, 91), з прыназоўнікавага спалучэння уз галавы́ ’каля галавы’, дзе галава́ — пярэдняя частка воза ці адна з дэталей у ім; параўн. гало́ўкі ’загнутыя канцы палазоў’ і ву́згалавак ’пярэдняя частка саней’ (Сцяц.); сувязь тэрміналагічнай і бытавой сферы ўжывання дэманструюць узгалава́шка ’дэталь у возе’ (Пятк., 1) і маг. гылыва́шкі ’галовы, узгалоўе, месца ў пасцелі, дзе ляжыць галава’ (Бяльк.). Параўн. таксама рус. головя́шка ’пярэдні загнуты канец саннага полаза’. Сцяцко (Словаўтв., 179) разглядае ву́згалавак як прыставачна-суфіксальнае ўтварэнне ад галава́. Параўн. ву́згалаўе.

Ву́згалавень ’накладка на пярэднюю вось воза пры перавозцы бярвення’ (Шат.), ву́зголовень ’плашка, у якой замацоўваюцца ручкі (у возе)’ (лун., Шатал., Маслен.), у́зголовень ’тс’ (Маслен.). Гл. ву́згалавак, суфіксацыя характэрна для назваў дэталей у возе і санях; параўн. палес. на́головень ’вяз, які злучае галоўкі саней’ і пад.

Ву́згалаўе ’падушка (у возе)’ (БРС); ’накладка на пярэднюю вось воза пры перавозцы бярвення’ (Шат.; лях., Янк. Мат.), вузгало́ўе ’частка воза — драўляны брусок над пярэдняй воссю’ (карэліц., Янк. II). Тэрміналагічнае значэнне другаснае, узнікшае шляхам пераносу слова з бытавой сферы; параўн. узгало́ўе ’месца ў галавах’ і пад. утварэнні ў слав. мовах, якія могуць мець і больш канкрэтныя значэнні: укр. узголо́вʼя ’тс’, польск. wezgłowie ’падушка’, славен. vzglȃvje, серб.-харв. у̀згла̄вље ’месца ў галавах’ і ’падушка’, балг. въ́зглаве ’падушка’ і інш., што дазваляе рэканструяваць прасл. vъz‑golvьje ’ўзгалоўе; падушка’. Параўн. вузгал, вузгалавак.