Ву́згал ’узгалоўе пасцелі’ (Касп.). Ад узгалоўе ’тс’ (прасл. vъz‑golvьje) шляхам адсячэння канцавой часткі слова, успрынятай як паказчык зборнасці, параўн. кусткустоўе зборн. ’кусты’, параўн. таксама іншыя назвы ўзгалоўя — гало́вы, галава́шкі і пад.; дээтымалагізацыяй у выніку дэкампазіцыі, відаць, тлумачыцца і перацяжка націску на пачатак слова, а таксама наяўнасць пратэзы перад націскным прыставачным уз‑, паколькі звычайна пратэза з’яўляецца перад націскным каранёвым у (Нарысы, 139); параўн., аднак, рус. узг ’вугал, край’, узгол ’вугал’, польск. wązg ’пала’, этымалогія якіх няпэўная (Фасмер, 4, 153).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)