Ву́згалавак ’плашка, у якой замацоўваюцца ручкі ў возе’ слонім., ваўк., маст., бераст., свісл., шчуч. (Сцяц., Словаўтв.), ву́зголовок ’тс’ (палес., Маслен.), ву́згалаўка ’тс’ (Янк. II), узгалавак ’тс’ (Сержп., Грам.). Народны тэрмін хутчэй за ўсё ўзнік шляхам метафарычнага пераносу з бытавой сферы, пра што могуць сведчыць адпаведныя словы ў іншых слав. мовах; параўн. польск. wezgłówek ’падушка’, серб.-харв. у́зглавак ’тс’, балг. възгла́вка ’тс’, а таксама іншую назву той жа дэталі паду́шка, аднак адсутнасць нетэрміналагічнага ўжывання слова ў беларускай мове дазваляе бачыць у ім самастойнае ўтварэнне тыпу узмежак, згодна Карскаму (2–3, 91), з прыназоўнікавага спалучэння уз галавы́ ’каля галавы’, дзе галава́ — пярэдняя частка воза ці адна з дэталей у ім; параўн. гало́ўкі ’загнутыя канцы палазоў’ і ву́згалавак ’пярэдняя частка саней’ (Сцяц.); сувязь тэрміналагічнай і бытавой сферы ўжывання дэманструюць узгалава́шка ’дэталь у возе’ (Пятк., 1) і маг. гылыва́шкі ’галовы, узгалоўе, месца ў пасцелі, дзе ляжыць галава’ (Бяльк.). Параўн. таксама рус. головя́шка ’пярэдні загнуты канец саннага полаза’. Сцяцко (Словаўтв., 179) разглядае ву́згалавак як прыставачна-суфіксальнае ўтварэнне ад галава́. Параўн. ву́згалаўе.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)