Ву́сялка ’шнур для дзіцячай калыскі’ (брэсц., Нар. лекс.), ву́селкы ’почапкі’ (брэсц., З нар. сл.), гу́сялка ’адна з вяровачак, на якую падвешваецца калыска; вяроўка, якая прывязваецца абодвума канцамі да калыскі, служыць для калыхання нагою’ (драг., З нар. сл.), усялка ’тс’ (кобр., Нар. лекс.). Няясна; калі прыняць у якасці зыходнай форму з пачатковым в, то хутчэй за ўсё да во́сілка ’почапка, дужка (напр., у вядры)’, аднак пры гэтым узнікаюць пэўныя фармальныя цяжкасці ў адносінах вакалізму (пры тлумачэнні пераходу і або е ў я); пры зыходнай форме з г, магчыма, ад гу́сяць — «спешчанай» дзеяслоўнай формы да гу́шкаць ’калыхаць’; ’падкідаць’, тады формы з в у выніку змены ўспрынятага ў якасці пратэзы пачатковага г, параўн. вузы́р ’ніжняя частка снапа’ < гузы́р ’тс’ і інш.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)