Лось 1 ’буйная дзікая жывёліна з лапатападобнымі рагамі, Alces alces’ (ТСБМ, Бес., Сцяшк., Яруш., ТС, Сл. ПЗБ), лусь, лэсь (Дразд.). Укр., рус. лось, польск. łoś, в.-луж. łós, чэш., славац. los. Паўн.-прасл. olsь ’тс’, і.-е *ol‑kʼ‑is: ст.-ісл. elgr, швед. älg, ст.-в.-ням. ëlho, ëlaho, ст.-англ. eolh, лац. alcēs, ст.-грэч. ἄλκη ’лось’, ст.-інд. ŕ̥śyas ’самец антылопы’, памір. rus ’каменны баран’. Паводле асновы — роднаснае да алень (Фасмер, 2, 522; Слаўскі, 5, 215–216).
Лось 2 ’грыб пеўнік стракаты, Sarcodon imbricatus (Fr.) Karst.’ (Серж. Грам.; маладз., Янк. Мат.; уздз., Нар. словатв.; ТС; віл., Сл. ПЗБ). Да лось 1. Названа паводле афарбоўкі і касматасці шапачкі грыба, падобных да шэрсці лася. Сюды ж лосёў грыб ’рагацік жоўты, Clavulina cristata Schroet.’ (ТС). Матывацыя — падабенства формы грыба і рагоў лася.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)