Вэ́рхал (БРС) ’гоман, малая звадка’ (КЭС); ’беспарадак’ (Бір. Дзярж.); ’лямант, гвалт’ (Жд.). Таго ж паходжання, што і ва́рхал ’тс’ (гл.), г. зн. запазычанне з польск. warchoł. Форма вэ́рхал (падобнай формы ў польскай мове няма) другасная, узнікла ў бел. мове, відаць, з формы тыпу вархо́л (апошняя, напр., засведчана ў гаворках Слаўгарадчыны; гл. Яшкін, Бел.-польск. ізал., 157) пры перанясенні націску на першы склад. Параўн. багно́, але бэ́гна, барса́ць, але бэ́рсаць і да т. п. Яшкін (там жа) лічыць вэ́рхал, ва́рхал не запазычаннем, а агульным утварэннем для беларуска-польскай зоны. Гэта няправільна, бо ў польск. мове слова з’яўляецца спрадвечным і адлюстроўвае (разам са шматлікімі вытворнымі; гл. Брукнер, 601–602) прасл. адносіны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)