Барса́ць ’працягваць аборы ў лапці’ (Гарэц., Касп.; барса́ць|варса́ць — Шат.), ’кідаць’ (Гарэц.). Сюды ж з іншым вакалізмам: бэ́рсаць ’блытаць (ніткі), блытаць, разматваць у беспарадку, рабіць неакуратна; пароць ежу і не есці; пісаць; нячыста жаць’ (Шат., БРС, Бір. Дзярж., Сцяшк. МГ, Сцяц., Янк. Мат.). Укр. бо́рса́ти (часцей з прэфіксамі) ’працягваць вяроўку ў вушка лапця; кідаць’; бо́рсатися ’кідацца ў розныя бакі, вазіцца, валтузіцца’. Слова цёмнага паходжання. Януў (Зб. Развадоўскаму, 2, 277) выводзіў з ob‑vors‑ati (пры гэтым корань *vors‑ не тлумачыўся). Райхэнкрон, ZfslPh, 17, 148–149 (без бел. матэрыялу) выводзіў з рум. мовы (няпэўна). Параўн. яшчэ Рудніцкі, 178 (няма бел. слоў). Магчыма, ёсць сувязь з групай слоў тыпу рус. броса́ть (аб гэтых словах Фасмер, 1, 218; Шанскі, 1, Б, 201–202): параўн. значэнне ’кідаць’ у бел. і ўкр. слоў. Так Трубачоў, Этимология, 1965, 383. Гл. яшчэ барсні́. Львоў (Зб. Петравічу, 315–318) лічыць, што ўкр. бо́рсатися і рус. бара́хтаться неяк звязаны. Гл. бэ́рсаць, варса́ць, абарсаць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)