Пэ́цкаць ’мазаць, брудзіць; рабіць няўмела, неахайна’ (ТСБМ, Гарэц., Яруш., Шат.), ’ляпіць глінаю, мазаць; брудзіць’ (Нас.), пе́цкаць ’брудзіць, мазаць’ (ТС), пэ́цнуць ’мазануць; стукнуць’ (ТСБМ), ’гучна ўдарыць; кінуць чым-небудзь ліпкім; упасці’ (Нас.), вытворныя: пэ́цкала, пэ́цкало ’няўмека, неакуратны ў рабоце чалавек, бракароб, партач’ (Сцяц., Сцяшк. Сл., Скарбы; любч., Нар. словатв.; міёр., З нар. сл.), пэ́цкаль ’хто любіць пэцкацца, неахайны, паскуднік’ (Шпіл., Чач., Гарэц., Шат.; брасл., Сл. ПЗБ), ’няўмека, дрэнны майстар’ (ТСБМ; маладз., Янк. Мат.; Яўс., Шат., Бяльк.; міёр., З нар. сл.). Паводле Насовіча, утворана ад гукапераймальнага пэц! ’тое, што і пац!’ (“от звука брошенной на что либо грязи или брошенного чего въ грязь”, Нас., 543); нягледзячы на фанетычныя прыкметы запазычання з польск. peckać ’вэдзгаць, перабіраць, корпацца’, параўн. рус. па́чкать ’пэцкаць’, да вышэйназванай версіі схіляецца Цвяткоў (Запіскі, 2, 75) і канстатуе, што слова не выводзіцца ад кораня *pak‑ (дапускаючы для рускага слова сувязь з пакость ’паскудства’, інакш гл. Фасмер, 3, 223); наяўнасць славен. pecati, peckati, pečkati ’даваць аплявуху; біць па вушах’ і pəčka, pəčkálo ’хто ляніва, марудна і дрэнна працуе’ ўзмацняе прышлую версію. Пра магчымую сувязь названых слоў з pečkȁ ’ядро, костачка’, што дае падставы для семантычнага пераходу ’ўздуцце, разбуханне’ > ’слабы, дрэнны’, гл. Бязлай, Etyma, 163; Куркіна, Этимология–1984, 113; гл. таксама спецыяльна Куркіна, Этимология–1988–1990, 61. Атаясамліванне з укр. пи́цькати ’дрэнна працаваць, корпацца’, якое выводзіцца праз польск. pyćkać, peckać ’тс’ з ням. patschen ’плёскаць (па вадзе)’ (гл. ЕСУМ, 4, 382), здаецца, не мае падстаў.