Вэ́зґаць ’мазаць, размазваць, маляваць’ (Мал.), вэ́дзґаць ’мазаць, брудзіць, пэцкаць, размазваць’ (Янк. Мат., Бір. Дзярж.), вэ́дзгаць (Шат., БРС), вэ́дзгацца ’пэцкацца, абрабляцца’ (КЭС, лаг.). Параўн. рус. дыял. (пск., цвяр., калуж., смал.) ва́згать ’пэцкаць, брудзіць’, ва́згаться ’пэцкацца, брудзіцца’ (СРНГ). Група слоў не вельмі яснага паходжання. Лічыцца (гл. Шэфтэловіц, KZ, 54, 240 і далей) роднасным з рус. возгря́, ст.-слав. возгри, славен. vózger, чэш. vozher, славац. vozger, польск. wozgrza, в.-луж. wozhor ’сапля’ (але паходжанне гэтай групы слоў таксама не зусім яснае). Гл. Фасмер, 1, 267, 333; Брукнер, 631; Махэк₂, 697. Вакалізм беларускага слова адрозніваецца ад рускага (апошні можна лічыць зыходным). Відавочна, ‑э‑ замест старога ‑а‑ ўзнікла па мадэлі тыпу бэ́рсаць — барса́ць (гл.) з націскным ‑э́‑ і ненаціскным ‑а‑. Але ў такім выпадку трэба для бел. формы лічыць *вазга́ць (з націскам на апошнім складзе). Форма вэ́дзгаць з ‑дз‑ замест ‑з‑, відаць, другасная (як аб гэтым сведчаць формы ў рус. мове). Не выключаецца і ўплыў слоў. з аналагічнай семантыкай і падобнай фанетычнай структурай (напр., слова пэ́цкаць, дзе група ‑цк‑ — гэта глухі варыянт групы ‑дзг‑). З бел. мовы запазычана польск. дыял. wedzgać ’тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)