Кіда́ць ’кідаць, пакідаць’ (Нас., Яруш., Касп., Ян., ТС), ’садзіць (бульбу)’ (Ян., Шат.), ’складаць стог’ (Выг., Маш., КЭС, лаг.), ’пакідаць на гадоўлю’ (Жд. 2). Укр. кидати, рус. кидать ’тс’, ст.-слав. искыдати ’выкідваць’, балг. кидам ’кідаць’, кина ’рваць’, серб.-харв. ки̏дати ’рваць, чысціць’, славен. kidati ’выкідваць, ачышчаць’, польск. kidać ’кідаць’ (польск. kidać мае яшчэ значэнне ’капаць, пра густую вадкасць’), чэш. kydati ’кідаць (гной)’, славац. kydať ’тс’, в.-луж. kidać ’высыпаць, выліваць, раскідаць (гной)’, н.-луж. kidaś ’тс’. Бліжэйшыя індаеўрапейскія паралелі: ст.-ісл. skióta ’кідаць, страляць’, ст.-англ. scēotan ’тс’, ст.-в.-ням. sciozan ’кідаць; страляць; хутка рухаць’. Гэта супастаўленне дазваляе аднавіць і.-е. *(s)keu̯d‑. Прасл. kydati — ітэратыў ад *kud‑. Аднак супраць гэтай рэканструкцыі іншыя паралелі: літ. šáuti ’страляць; штурхаць; хутка рухаць’, лат. saũt ’хутка рухаць у вызначаным напрамку’, saut ’страляць’, літ. šáudyti ’страляць (шматразовае дзеянне)’, šaudỹkle ’страла’. Супастаўленне дзвюх лексічных груп сведчыць аб іх роднаснасці, але тады мы павінны вызначыць два варыянты архетыпа: *(s)keu̯d‑ і *(s)k̑eu̯, якія, аднак, можна аб’яднаць у *(s)k̑eu̯(d), дзе d‑, магчыма, суфікс асновы цяперашняга часу, якая замяніла старую атэматычную аснову. У гэтым выпадку наглядаецца рэгулярная рэфлексацыя індаеўрапейскага пачатку *(s)k̑ як (s)k або k̑ (Мартынаў, Слав. акком., 156). Параўн. Покарны, 955–956; Фасмер, 2, 230; Слаўскі, 2, 137; ЕСУМ, 2, 429–430.
Кідаць ’уводзіць аснову ў бёрда’ (Нар. сл.), кідаць у бёрда ’працягваць у бёрда ніткі асновы’ (Жыв. сл.), кідаць у ніт ’працягваць праз ніт ніткі асновы’ (Жыв. сл., КЭС, лаг.). Гл. кі́даць.