Пята́, пʼята́ ’задняя частка ступні, пятка’ (ТСБМ, Ласт., Варл., Сцяшк.; ашм., Стан.; віл., Сл. ПЗБ), ’абух у сякеры’, ’задняя частка касы’, ’тупы канец яйца’, ’карма лодкі’ (Варл.; Сцяшк.; навагр., полац., Сл. ПЗБ), пʼета́ ’пятка нагі, пятка ў касе, сасе і інш.; межавы знак на вуглу поля’ (ТС), пя́та ’пятка’ (беласт., Сл. ПЗБ), пʼяда́ ’тс’ (драг., Сл. ПЗБ), ст.-бел. пята ’месца (пункт), з якога пачынаецца вымярэнне зямлі’; укр. пʼята́ ’пятка’, рус. пята́, польск. pięta, чэш. pata, славац. päta, в.-луж. pjata, н.-луж. pěta, палаб. ṕǫta, славен. pẹ̑ta, серб.-харв. пета, балг. пета́, макед. пета, ст.-слав. пѧта. Прасл. *pęta ’нага, капыт, ступак’, роднаснае літ. péntis ’абух, задняя частка касы і інш.’, лат. piête, pietis ’абух, аснова грабель, заднік, запатылак’, ст.-прус. pentis ’пята’, афг. pūnda ’пята’, што ўзыходзяць да кораня і.-е. *pent‑ ’ісці, хадзіць’ (Скок, 2, 648; Сной₂, 510). Іншая, менш верагодная версія звязвае праславянскае слова з *pęti ’напінаць’ (гл. пяць), *pǫto ’пута’ (гл. пута), параўн. Шустар-Шэўц, 2, 1072; БЕР, 5, 192; ЕСУМ, 4, 651; пад сумненнем Фасмер, 3, 424. Абедзве версіі лічыць прыймальнымі ESJSt, 11, 643. Збліжэнне з польск. piękny (гл. пекны) з больш ранняга pięk(r)ny ’выступаючы, выпуклы’, здавальняючае семантычна, вядзе да сумнеўнай рэканструкцыі *penktā, гл. Банькоўскі, 2, 573.