Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Суло́таць ’мачыць слюной, лізаць’ (паст., Сл. ПЗБ), суло́ціць ’шмальцаваць’ (мёрск., Нар. сл.). Аўтары Сл. ПЗБ (там жа) параўноўваюць з літ. sulótis ’сачыцца’; параўн. таксама sulóti, sulúoti ’спускаць сок з бярозы’, вытворных ад sulà ’сок у дрэве, мязга’ (Смачынскі, 614), гл. сула1.

Султа́н ’манарх у некаторых мусульманскіх краінах’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ст.-бел. султанъ (салтанъ, зоптанъ, сзолданъ, солтанъ, солданъ) ’султан’ (XV ст.), якое са ст.-рус. султанъ, салтанъ (XV ст.) (Булыка, Лекс. запазыч., 27), укр., рус. султа́н ’тс’. Магчыма, праз візант.-грэч. σολδάνος ’тс’ (ЕСУМ, 5, 472). З араб.-тур. sulṭân ’тс’ (Фасмер, 3, 801).

Су́луйка ’сувалка, паблытаныя плоскуні ў каноплях’ (Бяльк.). Няясна, магчыма, у выніку замены в > л, параўн. рус. дыял. суло́й ’сувой’ (ад ліць, гл. Фасмер, 3, 801), параўн. сувой (гл.).

Сулупо́н ’гаварун’ (Мат. Маг.), сулупну́ць ’сказаць недарэчнасць’ (карм., Мат. Гом.). Да салупаць (гл.) з семантычным развіццём ’высоўваць язык’ — ’гаварыць, балбатаць’.

Суля́к ’нейкая пасудзіна’: “складаючы ім у сулякі масла, сыры, гародніну сваю на доўгую зіму” (М. Вайцяшонак, ЛіМ, 1996, 8 лістап.). Параўн. польск. дыял. sulak ’гаршчок’, sulnica ’біклага, бочачка’, славен. sülj ’ражка’; апошняе Скок (3, 360) выводзіць з лац. solium ’карыта, жолаб, чан’. Параўн. суляя, гл.

Суля́ць ’соваць, соўгаць’, сулену́цъ ’сунуць’ (ТС), укр. дыял. суля́ти ’моцна штурхаць’, рус. дыял. суля́ть ’соваць, штурхаць, соўгаць’, суля́ться ’штурхацца’, польск. sulać ’мяць, мясіць, сціскаць’, серб.-харв. су́љати ’бухаць, шугаць (пра полымя, дым)’, ’корпаць (кіём)’. Патабня (РФВ, 7, 66) набліжаў да сунуць, соваць (гл.) з не зусім ясным па паходжанні ‑л‑. Відавочна, звязана з сула, вуліца, гл. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 473. Варбат (Этим. иссл., 1981, 88) мяркуе пра запазычанне рускага дзеяслова з польскай мовы, дзе дзеяслоў выводзіцца ад sulka ’шарык з цеста’ (< с.-н.-ням. schulle, сучаснае scholle ’камяк, глыба’), што няпэўна.

Суляя́ ’бутля’ (Гарэц.), сулі́я ’вялікая бутэлька’ (Бяльк.), суле́я, суле́йка ’лейка’ (Ласт.), суле́йка ’бутэлька, паўштоф, плоская бутля’ (віц., Шн.; Нік., Оч.). Параўн. укр. сулія́, рус. сулея́ ’тс’. Этымалагізавалася на аснове прасл. *liti (гл. ліць) як *sǫlěja (Фасмер, 3, 800; Трубачоў, Ремесл. терм., 258), чым, відаць, тлумачыцца і форма суле́я (аўтарскі наватвор Ластоўскага?). Параўноўваюць таксама са ст.-польск. sulnica ’бутэлька, пляшка’, польск. дыял. sulak ’гаршчок’, sulnik ’прымітыўная пасудзіна (звычайна з дрэва)’, славен. дыял. sȗlj ’ражка’, ’драўляная пасудзіна (для салёнага мяса, тварагу)’, якія Сной (гл. Бязлай, 3, 341) разам з чэш. дыял. šulek ’скрынка, каробка’ параўноўвае з літ. šùlė ’пасудзіна’, першапачаткова, відаць, зробленая з дрэва, што дае падставы звязаць гэтыя словы з шула (гл.). Няпэўна, параўн. суляк, гл.