Сако́л ’сокал’ (Гарэц., Др.-Падб., Янк. 2, Сл. ПЗБ, Байк. і Некр.). Гл. сокал.
Сако́лка 1 ’трыкатажная майка без рукавоў і каўняра’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Мат. Гом.), ’мужчынская безрукаўка, камізэлька’ (Янк.), сако́лачка ’майка’ (Сл. ПЗБ). Не вельмі ясна, у суседніх славянскіх мовах не адзначана. Назва ўтворана, відаць, ад назвы спартыўна-гімнастычнага таварыства “Сокал” у Чэхіі і іншых славянскіх краінах. Ва ўсялякім выпадку, адзначаны рускія со́кол, соко́льский ’сакольская гімнастыка’. Такім чынам, гэта магла быць майка з сакольскай сімволікай. Параўн. чэш. sokolka ’сакольская шапка, кепка’.
Сако́лка 2, сако́льчык ’мярэжка’, сакалі́ць ’вышываць мярэжкай’ (Мат. Гом.), ’рубіць з упрыгожваннем’ (сакаліць насавы платок) (Ян.). Не вельмі ясна. Суаднесенасць рус. мережка ’тып вышыўкі’, мярёжа ’рыбалоўная сетка’ наводзіць на думку, што слова ўзыходзіць да сак 1 (гл.), ад якога першапачаткова быў утвораны дзеяслоў саколіць, потым ад дзеяслова — назоўнік. Але сак ’рыбалоўная сетка’ у гаворках сустракаецца даволі рэдка, гл. ЛА, 2; таму слова хутчэй ўтворана ад кораня ‑кол‑ (гл. калоць), параўн. рус. ско́лок ’узор, зняты сколкаю, дакладны знімак іглою’.
Сако́лле ’аддаленыя глухія месцы навокал’ (Яшк.). Ад кораня ‑кол‑ (гл. аколіца, наваколле) з прыст. са‑, тыповай для магілёўскіх гаворак, і суф. зборнасці ‑ле.
Сакольнік ’расліна ястрабок зонцічны, Hieracium umbellatum L.’ (Кіс.). Рус. соко́лья трава ’тс’, сокольніка ’Hieracium pilosella L.’, серб.-харв. соколова трава ’Hieracium cymosum L.’, польск. jastrzębiec, чэш. jestřábník ’Hieracium’. Да сокал (гл.). Антычная назва для Hieracium і блізкіх раслін ўтворана ад грэч. ίεφαζ ’ястраб’, таму што існавала павер’е, што ястрабы і сокалы для вастрыні зроку ужываюць сок гэтых раслін; гл. Махэк, Jména rostl., 232. Аднак, назва можа тлумачыцца тым, што вялікая колькасць гэтых раслін расце на значнай вышыні, дае водзяцца ястрабы і сокалы (Сіманавіч, 232).
Сакракі́ ’ледзяшы’ (Сл. ПЗБ). Гл. сукракі.
Сакра́мант ’нешта свяшчэннае, рытуальнае; талісман’ (ТСБМ), сакра́мэнт ’прычасце’ (Нас., Байк. і Некр.). Ст.-бел. сакраментъ ’таінства’. Запазычанне з польск. sakrament < лат. sakrāmentum ’наданне святасці’ (Кюне, Poln., 95); ст.-бел. сакраментъ (секраментъ) са ст.-польск. sakrament, гл. Булыка, Лекс. запазыч., 181.
Сакрэ́т ’тое, што падлягае захаванню употай, аб чым не гавораць усім; тайна’ (ТСБМ, Шат., Касп., Байк. і Некр.). З польск. sekret, таксама як і рус. секре́т (гл. Фасмер, 3, 593; Кюнэ, Poln., 96). Польскае слова з лац. sekretus ’тое, што аддзелена, скрыта; тайна’ (Фасмер, там жа; Брукнер, 484).
Саксау́л ’невысокае бязлістае дрэва (або хмызняк) сямейства маравых, якое расце ў сярэднеазіяцкіх саланчаковых пустынях’ (ТСБМ). Праз рус. саксау́л (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 74) з казах. seksevil (гл. Трубачоў, Дополн., 3, 547).
Саксо́нцы ’насельніцтва Федэратыўнай рэспублікі Германія, якія жывуць на тэрыторыі былога каралеўства Саксонія’ (ТСБМ), адз. л. саксо́нец, саксо́нка. Укр. Саксо́нія, саксо́нець, рус. Саксо́ния, саксо́нец. З сяр.-лац. Saxonia, Saxones ад ст.-сакс. sahs ’меч з аднабаковым лязом’; гл. Фасмер, 3, 548.
Саксу́н ’від качкі’ (Мат. Гом.). З рус. соксу́н ’утка Anas clypeata L.’. Паводле Фасмера (3, 709), запазычанне. Параўн. казах. soksur ’від качкі’.