Со́кал ‘драпежная птушка сямейства сакаліных, Falco’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), часцей сако́л ‘тс’ (Гарэц., Федар., Ласт., Стан.). Укр. со́кіл, рус. со́кол, дыял. соко́л, польск. sokół, в.-луж., н.-луж. sokoł, чэш., славац. sokol, серб.-харв. со̀ко̑, славен. sókol, балг. соко́л, макед. сокол ‘тс’. Прасл. *sokolъ ‘птушка Falco’. Лічаць роднасным ст.-інд. çakunas, çakúnis ‘нейкая птушка; вялікая птушка’ (гл. Фасмер, 3, 708–709 з літ-рай). Міклашыч (313), Брукнер (506), Шустар-Шэўц (1332) звязваюць з гукапераймальным сакатаць, а Борысь (566) мяркуе, што *sokolъ — дэрыват ад прасл. *sočiti (гл. сачыць), таму што гэта драпежнік высочвае і даганяе птушку. Паводле Пятлёвай (Этимология–2000–2002, 21–22), першасным значэннем магло быць ‘рассякаючы, раздзіраючы’, што ўзыходзіць да дзеяслова з семантыкай ‘рэзаць, сячы, рваць’, якая захавалася ў соколі́ць ‘мярэжыць’ (ТС); пра корань сок‑ са значэннем ‘рэзаць’ гл. Куркіна, ОЛА, Исследов., 1994–1996, 202. Ускосным пацверджаннем такога развіцця можа служыць дэрыват сакольнік у цытаце: “… жыў гэты дзед больш за сто гадоў. Так усе і клікалі — сакольнік. <…> калі пасавалі найлепшыя хірургі, звярталіся да сакольніка” (Я. Колас), — які, відаць, быў амонімам да сако́льнік ‘той, хто даглядае лоўчых птушак, трэніруе і палюе з імі’, першасна звязаным з дзеясловамі тыпу славен. sókati, sókniti ‘ўкалоць (напр., нажом)’ і рус. дыял. соко́лик, соколе́ц, сокола́к ‘чорная жыла вялікага пальца рукі, vena pollicis; у коней жыла на назе, з якой пускаюць кроў’. Тады да *sěkti (гл. сячы), параўн. варыянтнасць галоснага ў сякера/сакера. Іншыя версіі гл. Пятлёва, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)