Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

каза́н Паглыбленне круглай формы на полі (Рэч.).

ка́за́ргаць Паводле падання. Яўрэйскія могілкі (Жытк., Тур.).

□ ур. Каза́ргі ці Каза́ргаць Жытк. на месцы старажытнага сяла Казарговічы Тураўскага епіскапства (Арх. Ю.-З. Р., ч. 1, т. II, 59).

казе́лец Прырэчнае і наогул нізкае лугавое месца, дзе расце казелец Ranunculus flammula L. (Слаўг.).

□ ур. Казелец (нізкі луг) каля в. Шаламы Слаўг.

казіна́ Неўрадлівая, забалочаная сенажаць, дзе расце вельмі жорсткая дзікая трава (Стаўбц. Прышч.). Тое ж казіне́ц (Стаўбц. Прышч.).

□ ур. Казіна́ (поле і частка в. Гнацькі) Стаўбц., ур. Казіне́ц (сенажаць) Стаўбц., Казі́нец (вуліца) у г. Слаўгарадзе.

казна́ Дзяржаўны лес (Слаўг.). Тое ж казёншчына (Слаўг.).

□ ур. Казна (лес) каля в. Пасека Ст.-дар., ур. Казёншчына (лес) Слаўг.