Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СА́МА (?—658),

славянскі князь [623—658], заснавальнік першага гіст. вядомага паліт. аб’яднання зах. і ч. паўд. славян, т.зв. дзяржавы С. (тэр. сучасных Чэхіі, Маравіі, землі лужыцкіх сербаў, ч. зямель славенцаў і харватаў) з цэнтрам, верагодна, у Маравіі. Паводле франкскай хронікі Фрэдэгара (7 ст.), С. быў франкскім купцом, што аспрэчваецца многімі гісторыкамі, якія лічаць яго славянінам. Князем стаў у 623, калі ўзначаліў паўстанне славян супраць улады авараў. Пазней паспяхова ваяваў з аварамі і франкамі. Пасля смерці С. яго дзяржава распалася.

т. 14, с. 122

САМААБАРО́НА ЛІТВЫ́ І БЕЛАРУ́СІ (Samoobrona, Samoobrona Litwy i Białorusi),

польскія вайсковыя фарміраванні на тэр. Літвы і Беларусі, акупіраванай у 1-ю сусв. вайну герм. войскамі. Стваралася з мэтай абароны інтарэсаў мясц. польскага насельніцтва, а таксама як авангард польскай арміі. Іх органы пачалі стварацца з 1918 афіцэрамі б. 1-га польскага корпуса ген. Ю.​Р.​Доўбар-Мусніцкага пры падтрымцы мясц. польскіх паліт. колаў. Гал. цэнтрамі самаабароны сталі Мінск, Вільня, Ліда, Гродна; яе часці дзейнічалі ў Шчучыне, Свіры, Вілейцы, Ашмянах, Радуні, Эйшышках. У выніку супрацьдзеяння герм. боку і наступлення Чырв. Арміі 29.12.1918 С.Л. і Б. ліквідавана, а яе часці фармальна ўвайшлі ў склад польскай арміі. Замест самаабароны, як органа кіраўніцтва польскімі вайсковымі фарміраваннямі на акупіраванай немцамі тэрыторыі, створана Ген. акруга Літвы і Беларусі. Жорсткае задушэнне рэв. руху, яўр. пагромы, абарона інтарэсаў польскіх землеўласнікаў, рэквізіцыі і інш. выклікалі негатыўныя адносіны да самаабароны з боку мясц. няпольскага насельніцтва.

А.​М.​Чарнякевіч.

т. 14, с. 122

САМААБСЛУГО́ЎВАННЕ,

форма продажу тавараў, пры якой пакупнік самастойна робіць іх агляд, адбор, дастаўку да разлікова-касавага вузла. Забяспечвае найлепшыя ўмовы для адбору і набыцця тавараў, павялічвае прапускную здольнасць магазінаў, дазваляе больш эфектыўна выкарыстоўваць гандл. абсталяванне, плошчы і г.д.

т. 14, с. 122

САМААДНАЎЛЕ́ННЕ,

працэс аднаўлення цэлага з разрозненых частак або надбудовы недастаючых яго элементаў пасля разбурэння цэлага ці страты ч. яго элементаў. У прыродных сістэмах — працэс бесперапыннага аднаўлення або ўзнаўлення структуры, уласцівасцей, колькаснага і якаснага складу прыродных сістэм, які адбываецца без удзелу чалавека; самастойнае вяртанне прыродных сістэм да стану дынамічнай раўнавагі, з якога яны былі выведзены ўздзеяннем прыродных ці антрапагенных фактараў. Напр., складанне занава гідры з фрагментаў яе цела, рэгенерацыя хваста ў яшчаркі, сукцэсія, якая вядзе да С. заканамернага шэрагу экасістэм і завяршаецца клімаксам як апошнім звяном паслядоўных змен біягеацэнозаў або фарміраваннем вузлавых згуртаванняў.

т. 14, с. 122

САМААДУКА́ЦЫЯ,

мэтанакіраваная пазнавальная дзейнасць, якая кіруецца самой асобай; набыццё сістэм. ведаў у якой-н. галіне навукі, тэхнікі, культуры, паліт. жыцці і інш. самаст. работай паза навуч. ўстановамі; адзін са сродкаў самавыхавання. Мэта С. — атрыманне кваліфікацыі або павышэнне адукац. ўзроўню. Асн. віды С. — агульная і спецыяльная. Асн. форма — вывучэнне навук., навукова-папулярнай, вучэбнай, маст. і інш. л-ры. Крыніцамі С. служаць таксама праслухоўванне лекцый, дакладаў, фоназапісаў, кансультацыі спецыялістаў, прагляд кінафільмаў, наведванне музеяў, выставак; розныя віды практычнай дзейнасці — эксперыменты, доследы і інш. С. — абавязковы кампанент сучаснага навучання. Яна можа развівацца адначасова з вучобай у навуч. установе (пашыраць, дапаўняць, паглыбляць вучэбны матэрыял), а можа быць і самаст. у адносінах да навучання (вывучэнне новых курсаў, якіх няма ў навуч. установе).

т. 14, с. 123

САМААКУ́ПНАСЦЬ,

прынцып гаспадарання, які прадугледжвае поўнае пакрыццё затрат вытв. аб’яднанняў, прадпрыемстваў, арг-цый на выраб і збыт прадукцыі (паслуг) уласнымі даходамі, атрыманымі ад рэалізацыі створанай прадукцыі або аказаных паслуг. Пры працягласці або значнасці страт, калі прынятыя меры па забеспячэнні рэнтабельнасці не далі станоўчых вынікаў, дзейнасць прадпрыемства спыняецца і яно аб’яўляецца банкрутам (гл. Банкруцтва). С. валютная — прынцып гасп.-разліковай знешнеэканам. дзейнасці прадпрыемства, які ва ўмовах абмежаванай канверсоўнасці (неканверсоўнасці) нац. валюты прадугледжвае кампенсаванне валютных расходаў валютнымі даходамі.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 14, с. 123

САМААПЛАДНЕ́ННЕ,

зліццё мужчынскай і жаночай палавых клетак, якія ўтвараюцца ў адной асобіны. Адбываецца звычайна пры немагчымасці перакрыжаванага апылення і апладнення (неспрыяльныя ўмовы, адсутнасць палавога партнёра). Сярод жывёл трапляецца ў гідраў, некат. кольчатых чарвей, малюскаў, рыб (гл. Гермафрадытызм); сярод раслін — у шэрагу водарасцей, грыбоў, кветкавых раслін (гл. Самаапыленне). У працэсе эвалюцыі ў арганізмаў з’явіліся прыстасаванні, якія прадухіляюць С. і забяспечваюць перакрыжаванае апладненне, у выніку чаго павялічваецца генет. разнастайнасць патомства і жыццяздольнасць асобін віду.

Р.​Г.​Заяц.

т. 14, с. 123

САМААПЫЛЕ́ННЕ,

працэс пераносу пылку з пыльнікаў кветкі на рыльца песціка той самай кветкі або інш. кветкі адной расліны. У адных раслін С. — аблігатны (асноўны) спосаб апылення (авёс, пшаніца, некат. крыжакветныя), у другіх — факультатыўны (рэзервовы), выкліканы неспрыяльнымі ўмовамі. Звычайна адбываецца пад канец цвіцення, рэдка да яго пачатку. Пастаяннае С. бывае часцей у аднагадовых раслін. Эвалюцыя кветкавых раслін ішла па шляху выпрацоўкі шматлікіх прыстасаванняў, якія перашкаджаюць С. і спрыяюць перакрыжаванаму апыленню. Але ў большасці яно спалучаецца з С., таму што генет. С. спрыяе стабілізацыі адзнак віду, а перакрыжаванае — розным камбінацыям і ўзмацненню ўнутрывідавой зменлівасці. Прыватны выпадак С. — клейстагамія.

Р.​Г.​Заяц.

т. 14, с. 123

САМААРГАНІЗАВА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,

сістэма, у якой працэс прыстасавання (адаптацыі) да непрадбачаных змен уласцівасцей кіравальнага аб’екта і навакольнага асяроддзя адбываецца шляхам аўтам. змены структуры сістэмы і якаснай змены алгарытму яе функцыянавання. Да С.с. могуць падключацца або адключацца ад іх асобныя падсістэмы, зменьвацца сувязі паміж імі ці схемы іх супадпарадкавання і інш. з мэтай аптымізацыі працэсаў кіравання і кампенсацыі знешніх уздзеянняў, захавання работаздольнасці сістэмы.

Акрамя С.с. да самапрыстасавальных (адаптыўных)сістэм у залежнасці ад спосабу адаптацыі адносяцца саманастройвальныя сістэмы (аўтаматычна зменьваюць уласныя характарыстыкі для кампенсацыі ўзбурэнняў, якія дзейнічаюць на сістэму) і саманавучальныя сістэмы (аўтаматычна мяняюць алгарытм свайго функцыянавання па меры назапашвання вопыту кіравання). Выкарыстанне ўсіх тыпаў самапрыстасавальных сістэм, у т. л. і С.с., дазваляе аптымізаваць рэжым функцыянавання кіравальнага аб’екта, спрашчае уніфікацыю сістэм кіравання, скарачае час на выпрабаванне і наладку кіроўных прыстасаванняў і інш. Да адаптыўных сістэм адносяцца самапрыстасавальныя робаты. Прынцыпы С.с. выкарыстоўваюцца для аптымізацыі сістэм аўтаматычнага кіравання, пры мадэліраванні біял. працэсаў.

Літ.:

Самоорганизующиеся системы: Пер. с англ М., 1964;

Николис Г., Пригожин И. Самоорганизация в неравновесных системах: Пер. с англ. М., 1979;

Хакен Г. Информация и самоорганизация: Макроскопич. подход к сложным системам: Пер. с англ. М., 1991;

Берже П., Помо И., Видаль К. Порядок в хаосе: Пер. с фр. М., 1991.

М.​П.​Савік.

т. 14, с. 123

САМААРГАНІЗА́ЦЫЯ,

працэс узнікнення, узнаўлення і ўдасканальвання складанай дынамічнай сістэмы. Ажыццяўляецца шляхам перабудовы ранейшых ці стварэння новых сувязей паміж элементамі сістэмы. Уласцівасці С. выяўляюцца ў аб’ектах рознай прыроды (жывая клетка, арганізм, біял. папуляцыя, чалавечы калектыў і інш.). Працэсы С. маюць мэтанакіраваны, але натуральны, спантанны характар; працякаюць ва ўзаемадзеянні з навакольным асяроддзем, але адносна незалежныя ад яго. Адрозніваюць 3 тыпы працэсаў С.: самазараджэнне арганізацыі (узнікненне новай цэласнай сістэмы з шэрагу аўтаномных аб’ектаў); падтрымліванне сістэмы на пэўным узроўні арганізацыі пры змене ўнутр. і знешніх умоў яе функцыянавання; удасканальванне і самаразвіццё сістэм. Праблемы С. даследуюцца ў кібернетыцы і сінергетыцы. Гл. таксама Самаарганізавальная сістэма, Самарух, Развіццё.

т. 14, с. 123