Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САЕ́ВІЧ (Канстанцін Фёдаравіч) (н. 12.7.1956, в. Ясень Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне лесазнаўства і аховы прыроды. Д-р біял. н. (1992), праф. (1998). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1978). З 1994 у Бел. агр. тэхн. ун-це (з 1997 дэкан). Навук. працы па тэарэт. канцэпцыі трафічных біягеацэнатычных гарызонтаў, кармавой ёмістасці ўгоддзяў, уліку ніжніх ярусаў расліннасці і карысных дзікарослых раслін, нарыхтоўцы лек. раслін, арганізацыі вучэбных лясніцтваў і паляўнічых гаспадарак.

Тв.:

Охрана возобновимых ресурсов. Мн., 1992;

Мониторинг лесных экосистем. Мн., 1992;

Аналіз экакліматычных паказчыкаў у лесе і на адкрытым месцы. Мн., 1996.

т. 14, с. 79

САЕ́ВІЧ (Платон Васілевіч) (30.11.1892, б. вёска Раматова Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. — 28.9.1956),

дзяржаўны дзеяч Беларусі. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1911), Камуніст. ун-т імя Свярдлова (1924). З 1913 у арміі. Удзельнік устанаўлення сав. улады ў Віцебскай губ. З сак. 1919 у Чырв. Арміі. З 1924 на парт. рабоце ў Ніжагародскай губ. З 1926 дэкан і рэктар Бел. с.-г. акадэміі, з 1929 рэктар Камуніст. ун-та Беларусі, з 1932 дырэктар Ін-та гісторыі партыі і Кастр. рэвалюцыі пры ЦК КП(б)Б, з 1933 заг. кафедры Вышэйшай камуніст. с.-г. школы Беларусі, з 1939 выкладчык парт. курсаў пры ЦК КП(б)Б. Удзельнік Вял. Айч. вайны; камісар палка, нам. нач. палітупраўлення, нач. аддзела фронту; паліт. саветнік дэлегацыі ў сав.-амер. камісіі па Карэі. У 1947—51 міністр асветы БССР. Чл. ЦК КП(б)Б у 1932—34, 1949—52. Чл. ЦВК БССР у 1923—31. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1946—50. У маі 1951 беспадстаўна арыштаваны. 28.11.1951 Ваен. трыбуналам БВА прыгавораны да 25 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Рэабілітаваны ў 1954.

П.​Дз.​Лапец.

т. 14, с. 80

САЕ́ВІЧ (Цімафей Аляксандравіч) (н. 23.2.1919, в. Сухаполь Архангельскага р-на, Башкортастан),

Герой Сав. Саюза (1945). Беларус. Скончыў Энгельскую ваен. авіяшколу пілотаў (1942). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1943. Камандзір авіязвяна капітан С. зрабіў 160 вылетаў на разведку варожай дыслакацыі, удзельнічаў у 7 паветр. баях, разведаў і сфатаграфаваў 160 буйных нас. пунктаў, 80 чыг. вузлоў і станцый, 45 аэрадромаў і пасадачных пляцовак, абарону ворага пад Смаленскам, Віцебскам, Полацкам, у Прыбалтыцы. Да 1964 у Сав. Арміі, да 1984 у грамадз. авіяцыі.

Ц.А.Саевіч.

т. 14, с. 80

Саечнікаў Уладзімір Аляксеевіч

т. 18, кн. 1, с. 446