Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

СО́БАЛЕЎ Іван Паўлавіч (11.11.1907, в. Шапуры Віцебскага р-на — 27.10.1989),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Ленінградскае ваенна-інж. вучылішча (1931), Вышэйшую афіцэрскую інж. школу (1952). У Чырв. Арміі з 1927. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Камандзір асобнага матарызаванага пантонна-маставога батальёна падпалк. С. вызначыўся ў вер. 1943 пры фарсіраванні Дняпра ў Днепрапятроўскай вобл. (Украіна). Да 1955 у Сав. Арміі. Ганаровы грамадзянін г. Віцебск.

І.П.Собалеў.

т. 15, с. 72

СО́БАЛЕЎ Леанід Сяргеевіч (21.7.1898, г. Іркуцк, Расія — 17.2.1971),

рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1968). Скончыў Петраградскае марское вучылішча. Друкаваўся з 1926. Раман «Капітальны рамонт» (1932—62), зб. апавяданняў «Марская душа» (1942, Дзярж. прэмія СССР 1943) пра рас. флот, подзвігі маракоў. Аўтар аповесці «Зялёны прамень» (1954), трагедыі «Абай» (1941, з М.​Аўэзавым), кн. нарысаў «Дарогамі перамогі» (1944—45), «Святло перамогі» (1968), зб-каў публіцыстычных арт. «Вецер часу» (1970), арт. і выступленняў пра л-ру «На галоўным курсе» (1969), кінасцэнарыяў і інш. Апавяданне С. «Салавей» на бел. мову пераклаў В.​Рабкевіч.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1972—74.

Літ.:

Сурганов В.А. Леонид Соболев. М., 1962.

Л.С.Собалеў.

т. 15, с. 72

СО́БАЛЕЎ Мікалай Уладзіміравіч (н. 28.5.1935, С.-Пецярбург),

расійскі геолаг. Акад. Рас. АН (1990; чл.-кар. 1981). Сын У.​С.​Собалева. Скончыў Львоўскі ун-т (1958). З 1960 у Ін-це геалогіі і геафізікі Сібірскага аддз. АН СССР. Навук. працы ў галіне мінералогіі і петралогіі. Распрацаваў мінералагічныя крытэрыі алмазаноснасці кімберлітаў. Ленінская прэмія 1976.

Тв.:

Глубинные включения в кимберлитах и проблема состава верхней мантии. Новосибирск, 1974.

т. 15, с. 73

СО́БАЛЕЎ Сяргей Львовіч (6.10.1908, С.-Пецярбург — 3.1.1989),

расійскі матэматык і механік. Акад. АН СССР (1939; чл.-кар. 1933). Герой Сац. Працы (1968). Скончыў Ленінградскі ун-т (1929). З 1932 у Матэм. ін-це, з 1943 у Ін-це атамнай энергіі, з 1957 дырэктар Ін-та матэматыкі Сібірскага аддз. АН СССР. Адначасова ў 1935—57 у Маскоўскім ун-це. Навук. працы па аналітычнай тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў, варыяцыйным злічэнні, тэорыі пругкасці, матэм. фізіцы, функцыянальным аналізе і выліч. матэматыцы. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1951, 1953, 1986. Залаты медаль імя Ламаносава АН СССР 1989.

С.Л.Собалеў.

т. 15, с. 73

СО́БАЛЕЎ Уладзімір Сцяпанавіч (30.5.1908, г. Луганск, Украіна — 1.9.1982),

расійскі геолаг. Акад. АН СССР (1958). Герой Сац. Працы (1978). Скончыў Ленінградскі горны ін-т (1930). Да 1941 у Цэнтр. н.-д. геолагаразведачным ін-це, адначасова ў 1931—41 і 1943—45 у Ленінградскім горным ін-це. У 1941—43 у Іркуцкім, з 1945 у Львоўскім ун-тах, адначасова з 1947 у Ін-це геалогіі карысных выкапняў АН Украіны. З 1958 у Ін-це геалогіі і геафізікі Сібірскага аддз. АН СССР, з 1982 у Мінералагічным музеі імя А.​Я.​Ферсмана. Навук. працы па мінералогіі сілікатаў, тэарэт. петралогіі, магматызме і метамарфізме горных парод. Дзярж. прэмія СССР 1950. Ленінская прэмія 1976.

Тв.:

Физико-химические основы петрографии изверженных пород. М., 1961 (разам з А.​М.​Заварыцкім);

Фации метаморфизма. М., 1970 (у сааўт.);

Петрология траппов: Избр. тр. Новосибирск, 1986.

т. 15, с. 73

СО́БАЛЕЎ Уладзімір Фёдаравіч (н. 20.6.1941, Мінск),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі металаў. Д-р тэхн. н. (1992), праф. (1994). Скончыў БПІ (1963). З 1968 у БПА. Навук. працы па матэм. мадэліраванні фіз.-хім. працэсаў і ўласцівасцей метал. сістэм. Распрацаваў метады даследавання і прагназіравання ўласцівасцей сплаваў на аснове тэорыі распазнавання вобразаў, фіз. мадэлі крышталізацыі сплаваў.

Тв.:

О термодинамических характеристиках границ раздела микронеоднородности, определяющих взаимную растворимость компонентов двойных систем (разам з А.​М.​Чычко) // Расплавы. 1999. № 4.

т. 15, с. 73

СО́БАЛЬ (Martes zibellina),

млекакормячае роду куніц сям. куніцавых атр. драпежных. Пашыраны ў Еўразіі. Утварае некалькі геагр. форм (далёкаўсходні, забайкальскі, камчацкі і інш.). Жыве ў тайзе. На Беларусі трапляўся да 16 ст.; вынішчаны.

Даўж. цела да 58 см, хваста да 19 см, маса да 1,9 кг. Самцы буйнейшыя за самак. Лапы кароткія, шырокія, падэшвы ўкрыты поўсцю. Футра густое, пушыстае, шаўкавістае. Афарбоўка ад жоўта-бурай да чорна-бурай. На горле і грудзях жоўтая пляма. Усёедны. Нараджае да 7 дзіцянят. Пры скрыжаванні з куніцай утварае гібрыды — кідасы (кідусы). Аб’ект промыслу і зверагадоўлі.

Э.​Р.​Самусенка.

Собаль.

т. 15, с. 73

СО́БАЛЬ Спірыдон (? — каля 1645),

бел. друкар. З сям’і бургамістра г. Магілёва. У пач. 17 ст. настаўнік, потым рэктар Магілёўскай брацкай школы. З 1624 настаўнік Кіеўскай брацкай школы і Кіева-Магілянскай акадэміі. У 1628 у Кіеве адкрыў друкарню і выдаў некалькі кніг маральна-павучальнага і рэліг. зместу. Вярнуўся на Беларусь і ў 1630 прыняў удзел у заснаванні Куцеінскай друкарні, узначальваў яе да 1632. Выдаў там кірыліцай «Брашна духоўнае», «Малітвы паўсядзённыя», «Буквар» («Бꙋкварь сирѣчь, начало ꙋченіѧ дѣтем начинающим чтенію извыкати», 1631) і «Часаслоў» (1632). С. упершыню ўжыў назву «буквар», а яго кніга па навучанні першапачатковай грамаце наз. «Азбука». У адкрытай ім друкарні ў Буйнічах (пад Магілёвам) выдаў «Псалтыр» (1635), у Магілёўскай брацкай друкарні — «Буквар» («Бꙋкварь ѩзыка славеньска», 1636), «Псалтыр» (1637), «Тастамент» (1638). Падтрымліваў цесныя сувязі з рус., укр., польскімі друкарамі, У 1637 маскоўскі друкар В.​Бурцаў набыў у С. друкарскія прылады.

Літ.:

Зернова А.С. Белорусский печатник Спиридон Соболь // Книга: Исслед. и материалы. М., 1965. Сб. 10;

Мацюк О.Я. Новые документы о типографе Спиридоне Соболе // Федоровские чтения, 1973. М., 1976;

Исаевич Я.Д. Преемники первопечатника. М., 1981;

Голенченко Г.Я. Новые материалы по истории культурных связей Белоруссии с Украиной и Россией в конце XVI — первой половине XVII в. // Книга в Белоруссии: Книговедение, источники, библиогр. Мн., 1983;

Ботвинник М.Б. Откуда есть пошел букварь. Мн., 1983.

М.​Б.​Батвіннік.

т. 15, с. 73

СО́БАТ, Бахр-эль-Асфар,

рака ў Судане (вярхоўі ў Эфіопіі), правы прыток р. Белы Ніл. Утвараецца ад сутокаў рэк Бара і Пібар. Даўж. ад вытоку р. Бара 730 км, пл. бас. каля 350 тыс. км². Цячэ па горнай і ўзгорыстай мясцовасці. Мнагаводная летам і восенню, зімой і вясной многія прытокі перасыхаюць. Сярэдні расход вады 412 м³/с. Суднаходная ў сезон дажджоў ад г. Гамбела.

т. 15, с. 73

СО́БЕЛЬСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА У Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Чырвоная Воля. Створана ў 1986. Пл. 2,9 км², даўж. 2,2 км, найб. шыр. 1,5 км, найб. глыб. 5,8 м, аб’ём вады 14,2 млн. м³. Наліўное, вада падаецца з Грычынскага канала. Ваганні ўзроўню вады на працягу года да 5,7 м. Выкарыстоўваецца для арашэння с.-г. угоддзяў.

т. 15, с. 73