Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СА (скарачэнне ад ням. Sturmabteilungen, SA),

гл. Штурмавыя атрады.

т. 14, с. 43

СААВЕ́ДРА ЛА́МАС ((Saavedra Lamas) Карлас) (1.11.1878, Буэнас-Айрэс — 5.5.1959),

аргенцінскі дзярж. дзеяч. Скончыў ун-т Буэнас-Айрэса (1903). Прафесар. З 1908 дэпутат парламента Аргенціны. З 1915 міністр юстыцыі і грамадз. адукацыі, у 1932—38 міністр замежных спраў. 3.8.1932 у сваёй міністэрскай дэкларацыі сфармуляваў прынцыпы міжнар. адносін, якія былі пакладзены ў аснову Сааведра Ламаса пакта 1933. У 1935 выконваў ролю пасрэдніка ў мірным урэгуляванні ўзбр. канфлікту паміж Парагваем і Балівіяй. У 1941—43 прэзідэнт ун-та Буэнас-Айрэса. Нобелеўская прэмія міру 1936.

т. 14, с. 43

СААВЕ́ДРА ЛА́МАСА ПАКТ 1933,

дагавор аб прынцыпах міжнар. адносін, заключаны па ініцыятыве міністра замежных спраў Аргенціны К.Сааведра Ламаса. Падпісаны 10 кастр. прадстаўнікамі Аргенціны, Бразіліі, Мексікі, Парагвая, Уругвая і Чылі, пазней большасцю дзяржаў Лац. Амерыкі і ЗША. Асуджаў агрэсіўныя войны, дэклараваў урэгуляванне ўсіх міждзярж. спрэчак толькі мірнымі сродкамі. Забараняў узбр. ці інш. ўмяшанне ва ўнутр. справы адзін аднаго, прадугледжваў міжнар. ціск на дзяржавы-агрэсары. Абавязаў бакі не прызнаваць змены граніц, якія ажыццёўлены гвалтоўным шляхам.

т. 14, с. 43

СААДЗІ́ (сапр. Мусліх-ад-дзін Абу Мухамед Абдалах ібн-Мушрыф ібн-Мусліх ібн-Мушрыф Саадзі Шыразі; паміж 1203 і 1210, г. Шыраз, Іран — 9.12.1292),

персідскі пісьменнік, класік персідскай і таджыкскай літаратур. Пісаў і на араб. мове. Вучыўся ў Багдадзе. Вандраваў па краінах Блізкага і Сярэдняга Усходу. У 1256 вярнуўся ў Шыраз. С. лічаць пачынальнікам «чыстай» газелі. Яго газелі вылучаюцца прастатой і яснасцю вобразаў, натуральнасцю пачуццяў, даступнасцю мовы, музыкальнасцю, глыбокім зместам і вытанчанай маст. формаю. Найб. значныя творы — паэма «Бустан» (1257) і зб. прытчаў у прозе і вершах «Гулістан» (1258), якія ахопліваюць розныя бакі рэчаіснасці і кодэкса маралі, апяваюць душэўную прыгажосць чалавека. «Гулістан» — першы помнік перс. л-ры пра жыццё і побыт сярэдневяковага ўсх. горада. Многія афарызмы С. сталі нар. прымаўкамі. Асобныя яго вершы на бел. мову пераклаў С.​Грахоўскі.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1972;

Избранное. Ташкент, 1978;

Гулистан. М., 1959;

Бустан: Лирика. М., 1962;

Бустан: [Поэма]. Душанбе, 1971.

Літ.:

Алиев Р. Саади и его «Гулистан». М., 1958;

Кулматов Н.А. Этические взгляды Саади. Душанбе, 1968.

т. 14, с. 43

СААКА́ДЗЕ Георгій, Вялікі Маўраві (каля 1580, с. Пелі, Грузія — 13.10.1629), грузінскі дзярж. дзеяч і палкаводзец. Паходзіў з царскіх азнауры. У 1608—12 правіцель (маўраві) Тбілісі. У выніку феад. міжусобіц у 1612 уцёк у Іран. У 1620 шах Ірана Абас / прызначыў С. апекуном малалетняга цара васальнага Картлійскага царства Сімона II — фактычным правіцелем дзяржавы.

У 1625 С. ўзначаліў антыіранскае паўстанне. Пасля паражэння ў Марабдзінскай бітве 1.7.1625 вёў партызанскую вайну, якая прымусіла шаха Ірана прызнаць царом Тэймураза I. Неўзабаве С. падняў мяцеж супраць Тэймураза I, але ў 1628 разбіты, уцёк у Турцыю, дзе быў забіты.

т. 14, с. 43

Саакашвілі Міхаіл

т. 18, кн. 1, с. 445

САА́МСКАЯ МО́ВА, лапарская мова, лапландская мова,

адна з фіна-ўгорскіх моў, якая складае асобую галіну гэтай сям’і; мова саамаў. Блізкая да прыбалт.-фінскіх моў. Пашырана ў паўн. Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі, Расіі (на Кольскім п-ве). Мае 2 групы дыялектаў: зах. (на тэр. Нарвегіі, Швецыі, часткова Фінляндыі) і ўсх. (на тэр. Расіі і Фінляндыі). С.м. ўласцівы: у фанетыцы — розныя ступені працягласці галосных і зычных, вял. колькасць зычных фанем, сістэма чаргаванняў галосных па якасці, зычных па якасці і колькасці; у марфалогіі — наяўнасць у большасці дыялектаў парнага ліку; у сінтаксісе — адсутнасць дапасавання прыметнікаў-азначэнняў з назоўнікамі ў ліку і склоне.

Пісьменнасць С.м. Швецыі, Нарвегіі, Фінляндыі з 17 ст. на аснове лац. графікі; у Расіі з пач. 1930-х г. на аснове лац. графікі, пазней пераведзена на рус. графіку (існавала да 1937). У 1980-я г. пісьменнасць саамаў у Расіі адноўлена на аснове рус. графікі; створаны буквар і слоўнік для школ.

Літ.:

Керт Г.М. Саамский язык: Фонетика, морфология, синтаксис. Л., 1971.

т. 14, с. 43

САА́Р, Сар (ням. Saar, франц. Sarre),

рака ў Францыі і Германіі, правы прыток р. Мозель (бас. р. Рэйн). Даўж. 246 км, пл. басейна каля 7,4 тыс. км². Вытокі ў Вагезах Павышаная воднасць зімой і вясной. У бас. С. — Саарска-Латарынгскі каменнавугальны басейн. Суднаходная, злучана з каналам Марна—Рэйн На С. — гарады Саргемін (Францыя), Саарбрукен (Германія).

т. 14, с. 43

САА́Р, Саарская вобласць (Saarland, неафіц. — Saargebiet),

зямля (адм. адзінка) на З Германіі, у басейнах рэк Саар і Мозель, каля граніцы з Францыяй і Люксембургам. Пл. 2570 км². Нас. каля 1,1 млн. чал. (2000). Адм. ц.г. Саарбрукен. Рэльеф узгорысты і нізкагорны (выш. да 595 м). Клімат умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага. Т-ра паветра ў студз. каля 0 °C, у ліп. каля 19 °C. За год выпадае каля 700 мм ападкаў. Лясы (дуб, бук, граб) займаюць каля 30% плошчы. Гаспадарка мае індустр. характар. Здабыча кам. вугалю (Саарска-Латарынгскі каменнавугальны басейн). Прам-сць: чорная металургія, коксахімія, хім. (гумава-тэхн. вырабы, азотныя ўгнаенні), нафтаперапр., аўтамабілебуд., вагонабуд., эл.-тэхн., шкляная, керамічная, швейная, харчовая (асабліва мясаперапр.). Вырошчваюць збожжа, кармавыя культуры, агародніну. Садоўніцтва і вінаградарства. Жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінні). Птушкагадоўля. Густая сетка чыгунак і аўтадарог. Суднаходства на рэках Мозель і Саар.

У сярэднія вякі на тэр. С. існавала графства, што ўваходзіла ў «Свяшчэнную Рым. імперыю». У 1790-я г. — 1814 уладанне Францыі. У 1815 большая ч. С. адышла да Прусіі, меншая — да Баварыі. У 1871—1918 у складзе Герм. імперыі. Паводле Версальскага мірнага дагавора /919 перададзены пад кіраванне Лігі Нацый на 15 гадоў (з 10.1.1920). У 1935 у выніку плебісцыту зноў адышоў да Германіі. У 1935—40 адміністрацыйна аб’яднаны з Пфальцам, у 1940—45 наз. Зах. марка. Пасля 2-й сусв. вайны з 2.1.1946 пад франц. кіраваннем (з 1945 у франц. акупац. зоне Германіі). Паводле Парыжскіх пагадненняў 1954 (Саарскі статут) часова знаходзіўся пад кантролем Заходнееўрапейскага саюза. Пасля адхілення Саарскага статута на плебісцыце 23.10.1955 паводле пагаднення аб С. паміж ФРГ і Францыяй (1956) канчаткова ўключаны ў склад ФРГ і стаў адной з яе зямель (з 1.1.1957).

т. 14, с. 43

СААРБРУ́КЕН (Saarbrücken),

горад на З Германіі, на р. Саар. Адм. ц. зямлі Саар. Вядомы з 999. Каля 250 тыс. ж. (2001). Трансп. вузел міжнар. значэння (чыгункі, аўтадарогі). Порт на р. Саар. Аэрапорт. Цэнтр Саарска-Латарынгскага каменнавугальнага басейна. Прам-сць: чорная металургія, агульнае і трансп. машынабудаванне, эл.-тэхн., хім., паліграф., харч. і харчасмакавая, лёгкая. Ун-т. Кансерваторыя.

т. 14, с. 44