Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САЦ (Наталля Ільінічна) (27.8.1903, г. Іркуцк, Расія — 18.12.1993),

расійскі рэжысёр, тэатральны дзеяч. Дачка кампазітара І.​Саца. Нар. арт. СССР (1975). Герой Сац. Працы (1983). Скончыла муз. тэхнікум імя А.​Скрабіна (1917), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1953), з 1984 праф. у ім. У 1918 заг. дзіцячага сектара тэамузсекцыі Массавета. Ініцыятар стварэння першага пастаяннага т-ра для дзяцей (Дзіцячы т-р Массавета, 1918). У 1920—36 дырэктар і маст. кіраўнік Маскоўскага т-ра для дзяцей (у 1936 Цэнтр. дзіцячы т-р). У 1937—42 рэпрэсіравана. З 1943 у Алма-Аце, дзе стварыла Першы казахскі т-р для дзяцей і юнацтва. З 1958 у Маскве, гал. рэжысёр Усерас. гастрольнага т-ра, заг. дзіцячага аддзела Масэстрады. З 1964 узначальвала першы ў свеце Дзярж. дзіцячы муз. т-р у Маскве (адкрыты ў 1965; цяпер імя С.). Зрабіла вял. ўклад у развіццё дзіцячага т-ра і маст. выхавання дзяцей. Аўтар п’ес, лібрэта дзіцячых опер і балетаў, кніг і артыкулаў па пытаннях муз. выхавання. Дзярж прэмія СССР 1972. Ленінская прэмія 1982.

Тв.:

Театр для детей. Л., 1925 (разам з С.​Розанавым);

Наш путь. М., 1932;

Дети приходят в театр. М., 1961;

Волшебные очки. М., 1965;

Новеллы моей жизни. Кн 1—2. 3 изд. М., 1985.

Л.​А.​Шымановіч.

Н.І.Сац.

т. 14, с. 208

САЦІ́ (франц. sotie ад sot дурны),

камедыйна-сатырычны жанр франц. т-ра 15—16 ст., варыянт фарса. Узнік на аснове сярэдневяковых парадыйна-блазнерскіх прадстаўленняў. У С. ўсе персанажы выступалі ў абліччы «дурняў» (да звычайнага блазнерскага касцюма дадавалі атрыбуты, што сімвалізавалі іх пэўны тып), якія алегарычна пазначалі розныя заганы грамадства. Ствараліся і разыгрываліся аматарскімі тэатр. т-вамі, з якіх найб. вядомы «Бестурботныя хлопцы» (Парыж). У канцы 16 ст. выкананне С., якія выкарыстоўваліся буржуазіяй як форма крытыкі каралеўскай і папскай улады, былі забаронены.

т. 14, с. 208

САЦІ́ ((Satie) Эрык Альфрэд Леслі) (17.5.1866, г. Анфлёр, Францыя — 1.7.1925),

французскі кампазітар. Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі, у «Схола канторум» (1905—08). Паўплываў на эстэт. прынцыпы творчай групы «Шасцёрка», але пазней адышоў ад яе. У пач. 1920-х г. адзін са стваральнікаў Аркейскай школы (аб’яднанне маладых музыкантаў). Яго творчасці ўласцівы навізна, прастата, наўмысная экстравагантнасць, супярэчлівасць (адыграў значную ролю ў фарміраванні імпрэсіянізму, аднак пазней быў у апазіцыі да яго). Сярод твораў: сімф. драма са спевам «Сакрат» (1918), балеты, у т. л. «Парад» (у садружнасці з Ж.​Както і П.​Пікасо, 1917), «Эксцэнтрычная прыгажуня» (1920), аперэты, творы для аркестра, хору, фп. творы і інш.

т. 14, с. 208

САЦІ́Н (франц. satin атлас),

баваўняная ці з хім. валокнаў тканіна, якая мае гладкі бліскучы правы бок. Выкарыстоўваюць для пашыву сукенак, мужчынскіх кашуль, бялізны і інш.

т. 14, с. 208

СА́ЦІНАВА (Валянціна Фёдараўна) (н. 10.10.1932, г. Астрахань, Расія),

бел. вучоны ў галіне педагогікі і мовазнаўства. Канд. пед. н. (1972), праф. (1993). Скончыла Ленінградскі пед. ін-т (1954). З 1970 у Брэсцкім ун-це (у 1971—92 заг. кафедры). Навук. працы па тэорыі методыкі выкладання замежных моў, праблемах псіхалінгвістыкі, развіцця лінгва-краіназнаўчай культуры і гуманіст. выхавання, самаадукацыі, адбору і арганізацыі навуч. матэрыялу.

Тв.:

Вопросы психолингвистики и преподавание русского языка как иностранного. М., 1971 (у сааўт.);

English for future teachers. Мн., 1985;

Английский язык: Коррективный курс. Мн., 1991 (разам з А.​К.​Івановай);

Опыт раннего обучения английскому языку (разам з А.​Рыжовай) // Пачатковая адукацыя і выхаванне: прабл., пошукі, знаходкі. Брэст, 1998. Вып. 5;

Читаем и говорим о Британии и британцах. 5 изд. Мн., 2000.

т. 14, с. 208

САЦКО́Ў (Юрый Назаравіч) (н. 1.1.1948, г. Шахцёрск Сахалінскай вобл., Расія),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1991), праф. (1994). Скончыў БДУ (1971). З 1972 у НДІ сродкаў аўтаматызацыі, з 1974 у Ін-це буд-ва і архітэктуры. З 1978 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН Беларусі (у 1994—95 нам. дырэктара, з 1999 заг. лабараторыі). Адначасова з 1999 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па тэорыі раскладаў, тэорыі графаў, сеткавым планаванні і кіраванні («Тэорыя раскладаў. Шматстадыйныя сістэмы», 1989, з В.​С.​Танаевым, В.​А.​Струсевічам; перавыд. 1994 на англ. мове). Распрацаваў метады даследавання ўстойлівасці аптымальных раскладаў і складанасці задач тэорыі раскладаў з фіксаванай колькасцю работ, адаптыўныя метады каляндарнага планавання. Чл. Амер. матэм. т-ва (1989). Дзярж. прэмія Беларусі 1998.

Тв.:

Математические модели и методы календарного планирования. Мн., 1994 (разам з В.​А.​Струсевічам, В.​С.​Танаевым).

М.​П.​Савік.

т. 14, с. 209

САЦУНКЕ́ВІЧ (Іван Лявонавіч) (28.10.1904, в. Маконь Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 18.4.1989),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў падполля і партыз. руху на Міншчыне ў Вял. Айч. вайну. Скончыў БДУ (1931). З 1932 на кіруючай і выкладчыцкай рабоце ў Мінску, 1-ы сакратар Заслаўскага райкома, сакратар Мінскага абкома КП(б)Б. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 у тыле ворага на падп. рабоце: арганізатар і камісар партыз. атрада, сакратар Мінскага падп. міжрайкома, чл. Мінскага падп. абкома КП(б)Б. У 1946—53, нарком. міністр лёгкай прам-сці БССР, да 1965 на адказнай гасп. рабоце. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—51. Аўтар кн. «Суровая быль» (2-е выд. 1979).

т. 14, с. 209

САЦУНКЕ́ВІЧ (Ігар Сяргеевіч) (н. 3.12.1935, Мінск),

бел. фізік-тэарэтык, адзін з пачынальнікаў даследаванняў па фізіцы нейтрына на Беларусі. Канд. фіз.-матэм. н. (1970). Скончыў БДУ (1958). З 1958 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па фізіцы высокіх энергій і электраслабых узаемадзеяннях элементарных часціц. Прадказаў парушэнне СР-сіметрыі за кошт электрычных дыпольных момантаў элементарных часціц, фатонны распад Ω​0-гіперона і ўзмацненне эфектаў слабых узаемадзеянняў паблізу вузкіх рэзанансаў.

Тв.:

Современное экспериментальное подтверждение специальной теории относительности. М., 1979;

О слабоэлектромагнитной околорезонансной интерференции (разам з А.​А.​Панковым) // Ядерная физика. 1981 Т. 33, вып. 6.

А.І.Болсун.

т. 14, с. 209

САЦУ́РА (Мікалай Уладзіміравіч) (н. 2.6.1952, в. Пагост Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. артыст эстрады. Засл. дз. маст. Беларусі (1997). Скончыў Гомельскае муз. вучылішча імя Н.​Сакалоўскага (1971), Мінскі ін-т культуры (1987). Вучань Я.​Глебава. З 1975 артыст і муз. кіраўнік вак.-інстр. ансамбля «Сябры». Музыцы ўласцівы фалькл. традыцыі. Аўтар песень «Раздолле» (словы С.​Астравога), «Шлях да Беларусі» (словы Н.​Гілевіча), «Сцежачка», «Дзева Марыя» (абедзве на словы А.​Лягчылава), «Саперніца» (словы Г.​Бураўкіна), «Перажывём», «Нашы песні — наша жыццё», «Чырвонае і белае» (усе на словы В.​Кавальчука), «На каляды» (словы Л.​Дранько-Майсюка), «Свет у вакне» (словы А.​Папярэчнага), «Бабыль» (словы Л.​Ашаніна). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1984.

Л.​В.​Баравікоў.

т. 14, с. 209

САЦЫЁНІКА,

галіна грамадскіх навук; тэхналогія вызначэння тыпу асобы. Развіваецца з канца 1970-х г. на стыку псіхалогіі і сацыялогіі. Заснавальніца С. літоўскі сацыёлаг і эканаміст А.​Аўгусцінавічутэ прапанавала практычнае выкарыстанне тэорыі псіхал. тыпаў швейц. псіхолага К.​Г.​Юнга, распрацавала тэорыі сацыёну (падзелу чалавецтва на 16 псіхал. тыпаў) і інтэртыпных адносін (сумяшчальнасці людзей розных псіхал. тыпаў). С. прагназуе развіццё сяброўскіх, сямейных і інш. узаемаадносін, дае практычныя рэкамендацыі па іх удасканальванні, па прафес. арыентацыі і псіхал. самакарэкціраванні асобы. Дасягненні С. выкарыстоўваюцца ў сістэмнай псіхафізіялогіі, сац. псіхалогіі, педагогіцы, псіхалогіях асобы і творчасці.

Літ.:

Аугустинавичюте А. Соционика: Введение. СПб., 1998;

Яе ж. Соционика: Психотипы. Тесты. М.; СПб., 1998.

т. 14, с. 209