Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СА́ЛА ледзяное,

скопішчы змёрзлых ледзяных іголак у выглядзе плям або тонкага слоя шаравата-свінцовага колеру на рэках і азёрах. Знешне нагадвае плямы тлушчу (адсюль назва). Узнікае перад ледаставам пры пераахалоджванні вады ніжэй за 0 °C. Гл. таксама Лядовы рэжым.

т. 14, с. 94

САЛАВА́Т ЮЛА́ЕЎ (16.6.1752, в. Цякеева, цяпер Салавацкага р-на, Башкортастан —8.10.1800),

башкірскі нац. герой, паплечнік Е.​І.​Пугачова ў час сялянскай вайны 1773—75, паэт-імправізатар. У кастр. 1773 мабілізаваны на барацьбу з Пугачовым, але каля г. Арэнбург перайшоў на яго бок на чале атрада башкіраў (2 тыс. чал.). Сабраў атрад у 10 тыс. чал., змагаўся пад Арэнбургам, Кунгурам, у 1774 заняў Краснаўфімск. Пугачоў надаў яму чын брыгадзіра. 5.12.1774 С.Ю. узяты ў палон, пасля пакарання бізунамі і клеймавання ў кастр. 1775 адпраўлены на вечную катаргу ў крэпасць Рогервік на Балтыйскім м. (цяпер г. Пальдыскі, Эстонія), дзе памёр. Вершы С.Ю. (ствараліся і перадаваліся ў вуснай форме) заклікалі народ да барацьбы з прыгнятальнікамі, апявалі прыгажосць роднага краю, каханне. У гонар С.Ю. названы г. Салават у Башкортастане, яго вобраз адлюстраваны ў творах л-ры і мастацтва.

Тв.:

Рус. пер. — Стихи // Дружба народов. 1972. № II.

Літ.:

Наш Салават. Уфа, 1973.

т. 14, с. 94

САЛАВЕ́Й (Алесь) (сапр. Радзюк Альфрэд Васілевіч; 1.5.1922, в. Крысава Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 22.1.1978),

бел. паэт, празаік, перакладчык. Вучыўся ў Мінскім пед. вучылішчы (1938—40). Працаваў у газ. «Чырвоная Лагойшчына». У Вял. Айч. вайну вярстальшчык «Менскай газэты», сакратар час. «Новы шлях» (Рыга). З 1944 за мяжой; у 1945—49 у г. Зальцбург (Аўстрыя), з 1949 у Аўстраліі, дзе працаваў на фабрыцы. Друкаваўся з 1937. Аўтар зб-каў паэзіі «Мае песні» (1944), «Сіла гневу» (1948), паэм «На хуткіх крыллях вольнага Пегаса» (1943), «Звіняць званы святой Сафіі» (1946), «Домік у Менску» (1948), «Сын» (1949), у якіх раскрываюцца тэмы радзімы, яе гісторыі і прыроды, жыцця народа, кахання. У некат. творах уплыў М.​Багдановіча. Пісаў апавяданні, фельетоны, вершы для дзяцей, вянкі санетаў, трыялеты, санеты, актавы, рандо, александрыны і інш. цвёрдыя строфы. На бел. мову пераклаў паасобныя творы А Міцкевіча, Р.​М.​Рыльке, Т.​Шаўчэнкі і інш.

Тв.:

Нятускная краса. Ню-Ёрк;

Мельбурн, 1982;

У кн.: Туга па Радзіме. Мн. 1992.

Літ.:

Грамадчанка Т. «За любоў да цябе я пакутаваць мушу...»: Алесь Салавей, 1922—1978 // Вяртання маўклівая споведзь. Мн., 1994;

Булгакаў В. Алесь Салавей і паэзія беларускай эміграцыі // Крыніца. 1997. № 6;

Кадняк З. Успаміны пра Алеся Салаўя // Беларуская мемуарыстыка на эміграцыі. Нью-Ёрк, 1999.

Л.​С.​Савік.

т. 14, с. 94

САЛАВЕ́Й (Аляксандр Раманавіч) (1897, г.п. Акцябрскі Гомельскай вобл. — 15.8.1920),

удзельнік барацьбы за сав. ўладу ў Беларусі, герой грамадз. вайны. У 1-ю сусв. вайну на Зах. фронце (адзначаны георгіеўскім крыжам). У 1917 вярнуўся на радзіму і ўзначальваў Рудабельскі валасны рэўком, штаб па фарміраванні Чырв. гвардыі, змагаўся супраць легіянераў корпуса Ю.​Р.​Доўбар-Мусніцкага. У час ням. акупацыі 1918 узначальваў партыз. атрады на тэр. Рудабельскай «рэспублікі» і падп. падраённы к-т РКП(б). Удзельнік вызвалення Бабруйска ад ням. акупантаў, разгрому стракапытаўскага паўстання 1919 у Гомелі і эсэраўскага мяцяжу ў Чарнігаўскай губ. Летам 1919 на чале Бабруйскага інтэрнац. батальёна, потым Барысаўскага палка змагаўся з польск. інтэрвентамі, абараняў Мінск. У вер — снеж. 1919 на чале спец. атрада ўдзельнічаў у рэйдзе па тылах латышскай арміі ад Пскова да Асвеі. Са снеж. 1919 камандзір 1-га інтэрнац. батальёна палка чырв. камунараў, удзельнік вызвалення Асвеі, баёў за Рэжыцу, Полацк, Барысаў, Лепель. З лета 1920 у корпусе Г.​Дз.​Гая, удзельнічаў у вызваленні Вільні, Гродна. Загінуў у баі каля мяст. Кольна (Польшча).

Літ.:

Грахоўскі С. Рудабельская рэспубліка. Мн., 1968.

І.​П.​Хаўратовіч.

т. 14, с. 94

САЛАВЕ́Й (Іван Мікалаевіч) (6.8.1916, в. Хатляны Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 5.3.1987),

бел. вучоны ў галіне глебазнаўства. Канд. с.-г. н. (1955). Скончыў БДУ (1940). З 1947 у БелНДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі. У 1957—82 у Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі. Навук. працы па генезісе глеб, іх картаграфіі, класіфікацыі, методыцы даследавання. Удзельнічаў у складанні глебавай карты Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.

Тв.:

Методические указания по почвенногеоботаническим и агрохимическим крупномасштабным исследованиям в БССР. Мн., 1973 (у сааўт);

Почвы Белорусской ССР. Мн., 1974 (у сааўт.).

т. 14, с. 94

САЛАВЕ́Й (Ларыса Фёдараўна) (н. 22.7.1934, г. Орша Віцебскай вобл.),

бел. мастацтвазнавец. Засл. настаўнік Беларусі (1975). Скончыла Бел. тэатр. маст. ін-т (1968). У 1966—81 выкладала ў ПТВ, у 1968—70 — у Бел. тэатр.-маст. ін-це, у 1988—92 нам. дырэктара Дырэкцыі маст. выставак Мін-ва культуры Беларусі, у 1992—97 — выставачнага комплексу «На ростанях». Даследуе мастацтва сучаснае і 1930-х г., праблемы эстэт. выхавання, музеязнаўства. Аўтар творчых партрэтаў пра Г.​Вашчанку, А.​Гугеля, Я.​Зайцава, А.​Казлоўскага, У.​Кожуха, П.​Крахалёва, А.​Кузьміча, І.​Міско Л.​Панамарэнку, Я.​Радзялоўскую, Р.​Сіплевіч, В.​Целеша і інш.; арганізатар выставак бел. мастакоў у Італіі і Славакіі, складальнік каталогаў.

Тв.:

Р.​Кудрэвіч. Мн., 1974;

Мікалай Казакевіч. Мн., 1986;

Іван Рэй: Альбом Мн., 1990.

Б.​А.​Крэпак.

т. 14, с. 94

САЛАВЕ́Й (Леў Антонавіч) (21.10.1925, Мінск — 3.1.1988),

бел. перакладчык. Скончыў БДУ (1950). ЗФ 1950 працаваў у Бел. дзярж. выд-ве (пасля выд-ва «Беларусь»), з 1972 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкаваўся з 1950. На рус. мову перакладаў творы М.​Гарэцкага, У.​Дамашэвіча, М.​Зарэцкага, П.​Кавалёва, В.​Каваля, А.​Марціновіча, Р.​Мурашкі, І.​Навуменкі, Р.​Няхая, М.​Ткачова і інш.; на бел. мову пераклаў «Зламаную падкову» А.​Кешокава, «Выбранае» А.​Купрына, «Святло ў Каордзі» Г.​Леберэхта, «Вадзіцеляў» А.​Рыбакова, «Выбраныя творы» М.​Садавяну, «Белы шалаш» М.​Шундзіка і інш., паасобныя творы Ч.​Айтматава, А.​Вішні, А.​Ганчара, Я.​Гуцалы, Ф.​Дастаеўскага, А.​Даўжэнкі, Л.​Талстога, М.​Шолахава, В.​Шышкова і г.д. Пісаў рэцэнзіі, крыт. артыкулы.

т. 14, с. 95

САЛАВЕ́Й (Лія Мацвееўна) (н. 1.9.1934, в. Навасёлкі Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),

бел. фалькларыстка. Канд. філал. н. (1974). Скончыла Мінскі пед. ін-т (1960). У 1970—94 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Даследуе актуальныя праблемы бел. фалькларыстыкі, творчыя ўзаемасувязі нар. вусна-паэт. творчасці слав. народаў. Аўтар манаграфіі «Беларуская народная балада» (1978). Сааўтар манаграфіі «Узроўні агульнасці фальклору ўсходніх славян», слоўніка «Усходнеславянскі фальклор» (абодва 1993). Складальніца тамоў «Балады» (кн. 1—2, 1977—78), «Веснавыя песні» (1979), «Валачобныя песні» (1980), «Жаніцьба Цярэшкі» (1993) са збору «Беларуская народная творчасць» (Дзярж. прэмія Беларусі 1986).

І.​У.​Саламевіч.

Л.М.Салавей.

т. 14, с. 95

САЛАВЕ́Й-РАЗБО́ЙНІК,

персанаж былін і чарадзейных казак; пачварны змей, які сваім свістам губіў падарожных на шляху да Кіева. Перамог яго Ілья Мурамец. Паводле некат. былін, дарога, дзе жыў С.-р., праходзіла праз бранскія лясы і «гразі смаленскія». У стараж. Беларусі, калі меркаваць па пісьме 1574 аршанскага старосты Ф.​Кміты-Чарнабыльскага, С.-р. наз. Будзімеравым сынам. Так ён названы і ў рукапіснай «Аповесці пра слаўнага асілка Ілью Мурамца» 18 ст. Нярэдка ў бел. казках пра Ілью Мурамца замест С.-р. выступае Змей (Цмок).

т. 14, с. 95

САЛАВЕ́ЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1668—76, Салавецкае сядзенне,

народнае паўстанне ў Салавецкім манастыры супраць царк. рэформы патрыярха Нікана, за аднаўленне «старой веры» (гл. Раскол). Удзельнікі (450—500 чал.): манахі, паслушнікі, манастырскія работнікі і сяляне, збеглыя стральцы і салдаты; у 1670-я г. да іх далучыліся многія б. паплечнікі С.​Ц.​Разіна. У 1667 манахі не прынялі папраўленыя паводле рэформы богаслужэбныя кнігі. Адкрытае паўстанне пачалося 2.7.1668, калі спроба маскоўскіх стральцоў заняць манастыр сустрэла ўзбр. супраціўленне. Паступова кіраўніцтва паўстаннем перайшло ад вярхоў манаства («старцаў») да прадстаўнікоў сац. нізоў (сялян і б. разінцаў), якія на першы план высоўвалі патрабаванне адмены прыгонніцкіх парадкаў. Дзякуючы харч. дапамозе навакольных сялян паўстанцы ва ўмацаваннях манастыра больш як 7 гадоў вытрымлівалі аблогу ўрадавых войск. У студз. 1676 у выніку здрады манастыр быў узяты і паўстанне задушана, амаль усе ўдзельнікі забіты або пазней пакараны смерцю.

Літ.:

Барсуков Н.А. Соловецкое восстание (1668—1676 гг.). Петрозаводск, 1954;

Чумичева О.В. Страницы истории Соловецкого восстания (1666—1676 гг.) // История СССР. 1990. № 1.

т. 14, с. 95