Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САЯ́Н,

спадніца з прышыўным ліфам-гарсэтам; састаўная частка нар. жаночага адзення беларусаў Падняпроўя ў 19 — пач. 20 ст. Шылі з баваўняных ці льняных тканін з вузкімі плечавымі шлейкамі ліфа і глыбокім выразам проймы. Спадніцу звычайна кроілі з 4 полак андарачнай тканіны, ліф-гарсэт — з фабрычнай (аксаміт, сацін, шарсцянка, парча, шоўк). У паўн.-ўсх. раёнах С. шылі з ільняных пярэстатканых ці маляўніча-набіваных тканін сіняга ці блакітнага колеру. Апраналі паверх кашулі і падпяразвалі вузкім поясам. На Беларусь С. трапіў, відаць, з Зах. Еўропы, дзе быў верхнім адзеннем феад. знаці і духавенства ў 16—18 ст. (шылі з аксаміту, парчы, сукна пераважна чорнага, сіняга, шэрага колераў; складаўся з 2 частак — шчыльнага ліфа з лямкамі або кароткімі рукавамі і фалдзістага нізу). Сустракаецца ў адзенні рускіх, украінцаў (сарафан).

М.​Ф.​Раманюк.

Дзяўчынка ў саяне. Вёска Рудня-Барталамееўская Чачэрскага раёна Гомельскай вобл. Пач. 20 ст.

т. 14, с. 242

САЯ́НА-ШУ́ШАНСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.

На р. Енісей, у Краснаярскім краі і Рэспубліцы Тыва, у Расіі. Утворана плацінай аднайм. ГЭС. Запоўнена ў 1978—95. Пл. 633 км², аб’ём 29,1 км³, даўж. 290 км, найб. шыр. 9 км. Сезоннае рэгуляванне сцёку, ваганні ўзроўню вады да 4,2 м. Стварае ўмовы для нармальнага суднаходства па Енісеі да г. Кызыл.

Саяна-Шушанскае вадасховішча.

т. 14, с. 242

САЯ́НЫ,

горная краіна ў Паўд. Сібіры ў Расіі. Распасціраецца ад Усх. Алтая, Абаканскага хр. і Кузнецкага Алатау на З амаль да воз. Байкал на У. Складаецца з шматлікіх хрыбтоў, якія ўтвараюць выгнутую на Пн дугу. Паміж хрыбтамі замкнёныя катлавіны. Найвыш. пункт г. Мунку-Сардык (3491 м). У араграфічных адносінах падзяляюцца на 2 горныя сістэмы: Заходні Саян і Усходні Саян.

т. 14, с. 242

САЯ́Т-НАВА́ (сапр. Саядзян Аруцюн; 1712, Тбілісі — 1795),

армянскі паэт; буйнейшы прадстаўнік свецкай паэзіі позняга сярэдневякоўя. Быў прыдворным песняром і музыкантам груз. цара Іраклія II. Выгнаны са службы з-за сутычак з вяльможамі, стаў свяшчэннікам, з 1768 манах. Праславіўся як ашуг. Пісаў песні на арм., груз. і азерб. мовах, у якіх традыц. для ўсх. паэзіі вобразнасць спалучалася з глыбокай эмацыянальнасцю, пратэстам супраць сац. несправядлівасці. Майстар любоўнай лірыкі («Я хворы каханнем да цябе», «Каманча», «Да салаўя», «Так жыць хачу» і інш.). Забіты ў Тбілісі ў час нашэсця перс. войск. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі Х.​Жычка, Н.​Тулупава.

Тв.:

Рус. пер. — Лирика М., 1963;

Стихотворения. Л., 1982.

Літ.:

Дарян З.М. Саят-Нова: Роман. М., 1973.

А.​Казінян.

т. 14, с. 242