Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СА́ЖА, тэхнічны вуглярод,

высокадысперсны прадукт няпоўнага згарання або тэрмічнага раскладання вуглевадародаў прыроднага і прамысл. газаў, а таксама нафтавага і кам.-вуг. масел.

Парашок чорнага колеру з сярэднім дыяметрам часцінак 10—50 нм, шчыльн. 1760—1950 кг/м³. Асн. кампанент — вуглярод (не менш за 90%). Атрымліваюць спальваннем прыроднага газу або яго сумесей з нафтавым маслам у спец. печах (пячныя С.) і камерах (канальныя, ці дыфузійныя С.), тэрмічным раскладаннем прыроднага газу ў генератарах без доступу паветра (тэрмічная С). Выкарыстоўваюць як напаўняльнік гумы (больш за 80% вырабляемай С.) і пластмас, пігмент для друкарскіх фарбаў, капіравальнай паперы і інш., у вытв-сці некаторых сплаваў, спец. гатункаў паперы, гальванічных элементаў і інш.

Літ.:

Зуев В.П., Михайлов В.В. Производство сажи. 3 изд. М., 1970;

Сюняев З.И. Нефтяной углерод. М., 1980.

т. 14, с. 80

СА́ЖАЛКА,

штучны вадаём невялікіх памераў (звычайна плошча да 1 км²). Ствараюцца шляхам перагароджвання плацінамі малых рэк, ручаёў, часовых вадацёкаў, а таксама абвалаваннем тэрыторыі па-за межамі рэчышча — у катлавінах, лагчынах і інш. паніжэннях рэльефу, у штучных выемках. Акумулююць мясц. сцёк. Прызначаны для арашэння, увільгатнення с.-г. угоддзяў, гасп.-быт., проціпажарных і рэкрэацыйных мэт, рыбагадоўлі (гл. Сажалкавыя рыбныя гаспадаркі). На Беларусі каля 1200 С. Сканцэнтраваны пераважна ў цэнтр. ч., дзе менш натуральных вадаёмаў. Падзяляюцца на рачныя (рэчышчавыя), ярыста-лагчынныя, кар’ерныя, наліўныя. Найб. пашыраны рачныя С., большасць іх у вярхоўях вадацёкаў. У адрозненне ад вадасховішчаў маюць адносна ўстойлівы ўзроўневы рэжым.

т. 14, с. 80

СА́ЖАЛКАВЫЯ РЫ́БНЫЯ ГАСПАДА́РКІ.

Гадуюць рыбу ў сажалках або прыстасаваных натуральных вадаёмах. Сажалкі абсталяваны прыстасаваннямі для запаўнення вадой з рэк і азёр, падтрымання яе ўзроўню ў час вегетац. сезону і спуску для адлову рыбы. Поўнасістэмныя С.р.г. маюць нераставыя (прызначаны для нерасту рыбы і развіцця малявак да 2—3 тыднёвага ўзросту), выроставыя (для гадоўлі сяголеткаў), нагульныя (для вырошчвання таварнай рыбы), зімавальныя (зімоўка рыбы), матачныя (утрыманне вытворнікаў), каранцінныя (для ізаляцыі хворай рыбы) сажалкі; маюць цэхі інкубацыйныя, кармавыя і па перапрацоўцы таварнай рыбы. Экстэнсіўныя С.р.г. гадуюць рыбу на натуральнай харч. базе. Больш эфектыўныя інтэнсіўныя С.р.г., у якіх выхад прадукцыі павялічваецца шляхам меліярацыі, угнаення вадаёмаў, штучным кармленнем рыбы. На Беларусі 18 С.р.г. сумарнай пл. нагульных сажалак 21,86 тыс. га, найб. буйныя — «Чырвоная Слабада» (2450 га) Салігорскага, «Лактышы» (2253 га) Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл., «Сялец» (2246 га) Бярэзінскага, «Любань» (2238 га) Любанскага р-наў Мінскай вобл. Гл. таксама Рыбаводства, Рыбныя гаспадаркі.

Да арт. Сажалкавыя рыбныя гаспадаркі: панарама сажалак (злева); схема размяшчэння вадаёмаў (а — выроставыя, б — нераставыя, в — зімавальныя сажалкі).

т. 14, с. 80

СА́ЖАНЬ,

старажытная мера (адзінка) даўжыні. Назва ад стараж.-слав. «сягаці» — выцягваць, распасціраць рукі. С. карысталіся на Беларусі і ў Расіі з 11 ст. да ўвядзення метрычнай сістэмы мер (1918). Адрознівалі прамы С. — адлегласць паміж канцамі пальцаў выцягнутых (распасцёртых) рук (раўняўся 1,52 і 1,76 м) і касы — адлегласць паміж пальцамі нагі і рукі, выцягнутых па дыяганалі (2,16 і 2,48 м). У 18 — пач. 20 ст. 1 С. = 3 аршынам = 48 вяршкам =2,1336 м (гл. таксама Аршын, Вяршок).

т. 14, с. 81

СА́ЖЫН (Мікалай Пятровіч) (14.3.1897, г. Екацярынбург, Расія — 23.2.1969),

расійскі вучоны ў галіне металургіі. Акад. АН СССР (1964, чл.-кар. 1953). Герой Сац. Працы (1967). Скончыў Маскоўскі хіміка-тэхнал. ін-т (1931), дзе выкладаў (з 1949 праф.). З 1964 старшыня секцыі Савета па фізіцы і хіміі паўправаднікоў АН СССР. Навук. працы па тэхналогіі рэдкіх металаў, паўправадніковых матэрыялаў і чыстых рэчываў. Ленінская прэмія 1961. Дзярж. прэмія СССР 1946, 1952.

Тв.:

Развитие в СССР металлургии редких металлов и полупроводниковых материалов. М., 1967;

Вещества высокой чистоты в науке и технике. М., 1969.

М.П.Сажын.

т. 14, с. 81