СА́ЖАЛКА,
штучны вадаём невялікіх памераў (звычайна плошча да 1 км²). Ствараюцца шляхам перагароджвання плацінамі малых рэк, ручаёў, часовых вадацёкаў, а таксама абвалаваннем тэрыторыі па-за межамі рэчышча — у катлавінах, лагчынах і інш. паніжэннях рэльефу, у штучных выемках. Акумулююць мясц. сцёк. Прызначаны для арашэння, увільгатнення с.-г. угоддзяў, гасп.-быт., проціпажарных і рэкрэацыйных мэт, рыбагадоўлі (гл. Сажалкавыя рыбныя гаспадаркі). На Беларусі каля 1200 С. Сканцэнтраваны пераважна ў цэнтр. ч., дзе менш натуральных вадаёмаў. Падзяляюцца на рачныя (рэчышчавыя), ярыста-лагчынныя, кар’ерныя, наліўныя. Найб. пашыраны рачныя С., большасць іх у вярхоўях вадацёкаў. У адрозненне ад вадасховішчаў маюць адносна ўстойлівы ўзроўневы рэжым.
т. 14, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)