Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СГРАФІ́ТА, графіта (італьян. sgraffito, graffito літар. — выдрапаны),

тэхнічны спосаб манум.-дэкар. жывапісу, засн. на выдрапванні верхняга слоя тынкоўкі да ніжніх кантрастных па колеры слаёў. Вызначаецца трываласцю і ўстойлівасцю да атм. змен. Выкарыстоўваецца пераважна для аздаблення фасадаў і інтэр’ераў будынкаў. Вядома з эпохі Адраджэння ў Італіі, пазней у Чэхіі, Польшчы і інш. еўрап. краінах. На Беларусі рэшткі С. захаваліся на сценах Гродзенскага Старога замка (16 ст., цяпер затынкаваны) і фрызе Гродзенскага касцёла кляштара брыгітак (сярэдзіна 17 ст., рэстаўрыраваны ў 1978). Цікавасць да С. ў пэўнай ступені адрадзілася ў творах стылю класіцызму (фрагменты сграфітавага дэкору ў палацы Ружанскага палацавага комплексу). З 2-й пал. 20 ст. выкарыстоўвалася ў манум. мастацтве: дэкар. кампазіцыі ў фае кінатэатра «Кіеў» у Мінску (маст. Г.​Гаркуноў, А.​Кішчанка), у кінатэатры «Беларусь» у Брэсце (маст. І.​Крупскі) і інш. У тэхніцы С. працавалі бел. мастакі Г.​Вашчанка, С.​Дамарад, Г.​Жарын, А.​Жгун, Л.​Каленік, Кішчанка, У.​Крываблоцкі, З.​Літвінава, С.​Рабашчук, С.​Сакалоў, У.​Стальмашонак, В.​Чайка.

Э.​І.​Вецер.

Сграфіта на фасадзе дома «Каля хвіліны» ў Старым горадзе Прагі.
Фрагмент сграфіта на фрызе касцёла кляштара брыгітак у Гродне.
Да арт. Сграфіта. Г.​Гаркуноў, А.​Кішчанка. Фрагмент дэкаратыўнай кампазіцыі ў фае кінатэатра «Кіеў» у Мінску. 1968.

т. 14, с. 285

СГС СІСТЭ́МА АДЗІ́НАК,

сістэма адзінак фіз. велічынь з асн. адзінкамі: даўжыні — сантыметр, масы — грам, часу — секунда. Абрэвіятура СГС утворана ад першых літар найменняў асн. адзінак.

Прыняга 1-м Кангрэсам электрыкаў (Парыж, 1881) у якасці сістэмы адзінак для механікі і электрадынамікі. Для эл.-магн. велічынь былі прыняты 2 сістэмы: эл. статычная СГСЭ (электрычная пастаянная E0 = 1, магнітная пастаянная μ0 = 1/с2, с — скорасць святла ў вакууме) і эл.-магн. СГСМ (μ0 = 1, E0 = 1/с2), заснаваныя на Кулона законе для ўзаемадзеяння эл. зарадаў і магн. полюсаў. У 2-й пал. 20 ст. найб. пашырэнне атрымала сіметрычная (змешаная) СГСЭ с.а., у якой магн. адзінкі роўныя адзінкам СГСМ, а эл. — адзінкам СГС (E0 = 1, μ0 = 1). Пасля шырокага ўкаранення Міжнароднай сістэмы адзінак (СІ) СГС с.а. выкарыстоўваецца толькі ў тэарэт. фізіцы і астраноміі.

Літ.:

Сена Л.А. Единицы физических величин и их размерности. 3 изд. М., 1988;

Деньгуб В.М., Смирнов В.Г. Единицы величин: Словарь-справ. М., 1990.

А.​І.​Балсун.

т. 14, с. 285