СД (ням. SD скарачэнне ад Sicherheitsdienst des Reichsführers SS служба бяспекі рэйхсфюрэра СС),
служба бяспекі і паліт. разведкі (шпіянажу) унутры СС, якая дзейнічала ў межах Нацыянал-сацыялісцкай партыі (НСДАП) у час дыктатуры гэтай партыі ў Германіі. Засн. ў 1931 Г.Гімлерам як служба разведкі (узначальваў Р.Гайдрых), з вер. 1932 наз. СД. Напачатку служыла для збору інфармацыі пра паліт. праціўнікаў і апазіцыянераў унутры НСДАП. З 1933 парт. ведамства з уласнай арг-цыяй на ўсёй тэр. дзяржавы па ажыццяўленні паліт. кантролю над насельніцтвам, з 1934 адзіная разведвальная служба нацысцкай партыі. У 1939 разам з паліцыяй бяспекі падпарадкавана Гал. ўпраўленню імперскай бяспекі (РСХА). Дзейнічала праз штатных і няштатных агентаў, мела архівы (картатэкі), афіц. канторы; выканаўчую ўладу ажыццяўляла гестапа. З СД рэкрутаваліся кіруючыя кадры для паліцыі бяспекі, якія дзейнічалі ў 2-ю сусв. вайну (са студз. 1943 СД узначальваў Э.Кальтэнбрунер) як кіраўнікі т. зв. айнзацгруп у акупіраваных краінах, у т. л. на Беларусі (айнзацгрупы «A» і «B»). Яны арганізоўвалі забойствы паліт. праціўнікаў фашызму, яўрэяў і інш. У падпарадкаванні Мінскага СД знаходзіўся Трасцянецкі лагер смерці. У лют. 1944 да СД перайшлі гал. функцыі органа ваен. разведкі і контрразведкі Абвера. На Нюрнбергскім працэсе пасля 2-й сусв. вайны СД прызнана злачыннай арг-цыяй.
т. 14, с. 285
СДР (англ. SDR, special drawing rights),
спецыяльныя правы запазычання, якія з’яўляюцца інструментам Міжнароднага валютнага фонду і дазваляюць ствараць валютныя рэзервы на аснове міжнар. пагаднення з мэтай папярэджання небяспекі пастаяннай нястачы валютных рэзерваў. Рашэнне аб размеркаванні і вяртанні СДР прымаюцца саветам кіраўнікоў па прапанове дырэктара-распарадчыка. Кошт СДР вызначаецца на аснове вартасці кошыка з вызначаных фондам валют краін-удзельніц.
т. 14, с. 285