Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САЗА́Н (Cyprinus carpio),

рыба сям. карпавых. 4 падвіды: амурскі, або амурска-кітайскі (C.c. haematoptenis), аральскі (C.c. aralensis), в’етнамскі (C.c. viridiviolaccus) і еўрапейскі (C.c. carpio). Пашыраны ў вадаёмах бас. Міжземнага, Чорнага, Азоўскага, Каспійскага і Аральскага м., у воз. Ісык-Куль, у бас. рэк зах. ўзбярэжжа Ціхага акіяна. У нізоўях рэк, што ўпадаюць у паўд. моры, утварае паўпрахадныя формы. На Беларусі трапляўся ў бас. р. Дняпро. У інш. вадаёмах акультураная форма — карп.

Даўж. да 60 (зрэдку да 100) см, маса да 4,5 (адзінкавыя экз. да 45) кг. У спінным і анальным плаўніках мае па вызубленым касцявым промні. Рот канцавы. На верхняй губе і ў кутках рота па пары вусікаў. Корміцца беспазваночнымі жывёламі і раслінамі. Аб’ект промыслу і развядзення.

Літ.:

Никольский Г.В. Частная ихтиология. 3 изд. М., 1971;

Жизнь животных Т. 4. 2 изд. М., 1983;

Рыбы: Попул. энцикл. справ. Мн., 1989.

А.​М.​Петрыкаў.

Сазаны: 1 — еўрапейскі; 2 — амурскі.

т. 14, с. 81

САЗАНДАРА́Н (Татэвік Тыгранаўна) (н. 2.9.1916, с. Хндзорэск Гарыскага р-на, Арменія),

армянская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. СССР (1956). Скончыла вак.-драм. студыю пры Доме культуры Арм. ССР у Маскве (1937). Да 1971 салістка Арм. т-ра оперы і балета. З 1961 выкладала ў кансерваторыі (з 1970 праф.) і адначасова з 1972 у Маст.-тэатр. ін-це ў Ерэване. У яе выкананні арганічна спалучаліся класічная і нац. манера выканання. Першая выканаўца партый у класічных і сучасных операх, у т. л. Алмаст («Алмаст» А.​Спендыярава), Назелі («Гераіня» А.​Сцепаняна). Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 14, с. 81

Сазановіч Валянцін Пятровіч

т. 18, кн. 1, с. 446

СА́ЗЕРЛЕНД ((Sutherland) Эрл Уілбур) (19.11.1915, г. Берлінгейм, штат Канзас, ЗША —3.9.1974),

амерыканскі біяхімік і фармаколаг. Чл. Нац. АН ЗША. Скончыў мед. школу Вашынгтонскага ун-та ў г. Сент-Луіс (1942) і працаваў у ім. З 1953 у Зах. ун-це ў г. Кліўленд, у 1963—73 ва ун-це Вандэрбільда ў г. Нашвіл. Навук. працы па вугляводным абмене, механізмах уздзеяння гарманальных і лек. рэчываў на арганізм. Адкрыў у жывёльных тканках цыклічную адэназінманафосфарную к-ту і даследаваў яе ролю ў механізме дзеяння гармонаў, рэгуляванні актыўнасці нерв. клетак, экспрэсіі генаў у бактэрый. Нобелеўская прэмія 1971.

Э.У.Сазерленд.

т. 14, с. 81

САЗЛУ́ЧАНЫЯ САСУ́ДЫ, спалучальныя сасуды,

сасуды, якія ў ніжняй частцы злучаны паміж сабой. У С.с. аднародная вадкасць устанаўліваецца на аднолькавым узроўні незалежна ад формы сасудаў. На гэтым заснавана дзеянне вадкаснага манометра, вадамернага шкла паравых катлоў і інш. Калі ў С.с. наліты вадкасці розных шчыльнасцей (ρ1 і ρ2), то яны ўстанаўліваюцца на розных узроўнях у адпаведнасці з суадносінамі ρ1h1 = ρ2h2.

Да арт. Сазлучаныя сасуды: ρ1, ρ2 — шчыльнасці вадкасцей; h1, h2 — вышыні ўзроўняў вадкасцей.

т. 14, с. 81

САЗО́НАЎ (Мікалай Аляксеевіч) (8.4.1903, г. Цвер, Расія —31.1.1963),

бел. вучоны ў галіне электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. Акад. АН Беларусі (1961), Акадэміі с.-г. навук Беларусі (1959—61), д-р тэхн. н. (1948), праф. (1951). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1929). У 1948—52 кіраўнік работ па выяўленні мясц. энергет. рэсурсаў Беларусі для электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. З 1959 акадэмік-сакратар Аддзялення механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі Акадэміі с.-г. навук Беларусі, з 1962 кіраўнік аддзела Цэнтр. НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі Нечарназёмнай зоны СССР (Мінск). Навук. працы па выкарыстанні электраэнергіі ў с.-г. вытв-сці, павышэнні каэф. магутнасці ў эл. устаноўках. Прапанаваў метады разліку асінхронных электрарухавікоў.

Тв.:

Справочник по применению электроэнергии в сельском хозяйстве. М., 1958 (у сааўт.);

Руководство для сельского электромонтера. 5 изд. М., 1960.

М.А.Сазонаў.

т. 14, с. 81

САЗО́НАЎ (Міхаіл Іванавіч) (н. 7.10.1938, г. Канск Краснаярскага краю, Расія),

бел. вучоны ў галіне фізікі і тэхнікі плазмы. Д-р тэхн. н. (1991). Скончыў Маскоўскі ун-т (1961). З 1976 у Брэсцкім тэхн. ун-це. Навук. працы па даследаванні нізкатэмпературнай плазмы, доўгіх эл. і турбулентных дуг, прыэлектродных працэсаў. Распрацаваў прамысл. плазматроны з высокім цеплавым і эл. ккдз.

Тв.:

Влияние газовой завесы на теплообмен между турбулентной дугой и стенкой разрядной камеры (у сааўт.) // Изв. Сиб. отд. АН СССР. Сер. техн. наук. 1975. №8, вып. 2;

Применение плазмотрона с межэлектродной вставкой для осаждения углеродных пленок (у сааўт.) // Физика плазмы и плазменные технологии. Мн., 1997. Т. 4.

т. 14, с. 81

Сазонаў Ігар Сяргеевіч

т. 18, кн. 1, с. 446