Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САЙГА́КІ (Saiginae),

падсямейства млекакормячых сям. пустарогіх атр. парнакапытных. 2 роды, 2 віды: сайгак, або сайга (Saiga tatarica), і аронга, або чыру (Pantholops hodgsoni). Аронга пашырана ў высакагор’ях Тыбета, сайгак — у Сярэдняй і Цэнтр. Азіі, Перадкаўказзі, Ніжнім Паволжы. Жыве статкамі ў стэпах і паўпустынях, робіць сезонныя вандроўкі. Празмерным промыслам да пач. 20 ст. сайгак быў амаль вынішчаны; у выніку ахоўных мер колькасць яго пагалоўя аднавілася.

У сайгака даўж. самцоў да 146 см, выш. ў карку да 80 см (у аронга да 100 см), маса да 50 кг; самкі драбнейшыя. Афарбоўка спіны і бакоў жаўтаватая, бруха белае. Галава вял., нос доўгі, рухавы, хобатападобны. Рогі светла-жоўтыя, паўпразрыстыя, даўж. да 40 см; самкі бязрогія. Расліннаедныя. Палігамы. Нараджаюць звычайна 2 дзіцянят. Аб’ект абмежаванага промыслу.

Сайгак.

т. 14, с. 82

СА́ЙГЁ (сапр. Сата Нарыкіё; 1118—1190),

японскі паэт. Быў афіцэрам гвардыі; пакінуўшы службу, стаў вандроўным манахам. Зберагліся зб. яго паэзіі «Санкасю», у які ўвайшло больш за 1500 вершаў жанру танка, і твор па паэтыцы ў запісе яго вучня «Гутаркі з Сайгё» («Сайгё-дансе»). Паэзія С. глыбока філасофская, грунтуецца на асэнсаванні вобразаў прыроды; у ёй дамінуе журботны настрой.

Тв.:

Рус. пер. — Горная хижина. СПб., 1999.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 14, с. 82

САЙГО́Н (Saigon),

назва горада Хашымін у В’етнаме да 1976.

т. 14, с. 82

СА́ЙДА,

горад на Пд Лівана. Адм. ц. мухафазы Паўд. Ліван. Вядомы з 4-га тыс. да н.э.; адзін з найстараж. фінікійскіх гарадоў-дзяржаў. Да 16 ст. наз. Сідон. Каля 300 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Порт на Міжземным м., канцавы пункт нафтаправода з Саудаўскай Аравіі, вузел аўтадарог. Прам-сць нафтаперапр. і харчовая. Гандл. цэнтр с.-г. раёна (цытрусавыя, аліўкі, вінаград, збожжавыя). Рыбалоўства. Археал. музей. Арх. помнікі: руіны фінікійскага храма і некропаля (10—5 ст. да н.э.); руіны замка св. Людовіка (12 ст.) і замка крыжаносцаў (13 ст.); вял. мячэць, караван-сарай (16—18 ст.). У горадзе і наваколлі — лагеры палесцінскіх бежанцаў.

т. 14, с. 82

СА́ЙДАВЫ КІТ,

гл. Сейвал.

т. 14, с. 82

САЙКО́ (Аляксандр Пятровіч) (н. 16.2.1954, в. Зубкі Клецкага р-на Мінскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (2000). Скончыў БДУ (1976). З 1976 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН Беларусі (з 2001 заг. лабараторыі). Навук. працы па квантавай электроніцы, фізіцы цвёрдага цела. Развіў тэорыю кагерэнтных нелінейнааптычных з’яў у крышталях пры моцным электрон-фанонным узаемадзеянні. Даў тлумачэнне бістабільнасці пругкіх і цеплавых характарыстык у аксідных звышправадніках.

Тв.:

Кооперативные нелинейнооптические явления... Мн., 1999;

К теории лазерной генерации на вибронных переходах примесных кристаллов // Журн. эксперимент. и теорет. физики. 2001. Т. 119, вып. 2.

т. 14, с. 82

САЙКО́Ў (Іван Паўлавіч) (24.10.1911, г. Гомель — 13.2.1989),

бел. і расійскі спявак (драм. тэнар). Нар. арт. Беларусі (1955). Вучыўся ў хар. студыі пры Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі (1938—39). Працаваў у т-рах муз. камедыі Беларусі. У 1949—56 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, у 1956—77 — Саратаўскага т-ра оперы і балета. Валодаў выразным голасам шырокага дыяпазону, вял. драм. тэмпераментам, глыбока адчуваў характар вобраза. На бел. сцэне выконваў гал. драм. партыі класічнага і сучаснага рэпертуару. Сярод партый: Сяргей («Дзяўчына з Палесся» Я.​Цікоцкага), Сабінін («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Герман, Вадэмон, Вакула, Андрэй («Пікавая дама», «Іаланта», «Чаравічкі», «Мазепа» П.​Чайкоўскага), Самазванец («Барыс Гадуноў» М Мусаргскага), Андрэй («Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Радамес («Аіда» Дж.​Вердзі), Каніо («Паяцы» Р.​Леанкавала), Каварадосі («Тоска» Дж.​Пучыні), Стэфан («Страшны двор» С.​Манюшкі), Енак («Прададзеная нявеста» Б.​Сметаны), Рыгор Мелехаў («Ціхі Дон» І.​Дзяржынскага). У канцэртным рэпертуары бел. і рус. нар. песні, рамансы і інш.

І.​В.​Глушакоў.

І.П.Сайкоў.
І.Сайкоў у ролі Андрэя.

т. 14, с. 82

СА́ЙМА (Saimaa),

сістэма азёр на ПдУ Фінляндыі ў паніжэннях стараж.-ледавіковага рэльефу. Пл. каля 4,4 тыс. км² (найб. воз. Сайма — каля 1,8 тыс. км²), глыб. да 82 м. Берагі моцна парэзаныя, часта скалістыя. Шмат астравоў. Ледастаў са снежня па май. Сцёк у Ладажскае воз. па р. Вуокса. Сайменскім каналам злучана з Фінскім зал. Балт. мора. На астравах воз. Хаўківесі — нац. парк Лінансаары. Транспарціроўка лесу, суднаходства, рыбалоўства. Парты: Лапеэнранта, Саванліна, Мікелі, Іоэнсу.

т. 14, с. 82

СА́ЙМАК ((Simak) Кліфард Дональд) (3.8.1904, г. Мелвіл, ЗША — 25.4.1988),

амерыканскі пісьменнік-фантаст. Вучыўся ў Вісконсінскім ун-це. Працаваў настаўнікам, рэпарцёрам, рэдактарам газеты. Дэбютаваў у 1931. У навук.-фантаст. раманах «Касмічныя інжынеры» (1950), «Горад» (1952, Міжнар. прэмія па фантастыцы 1953), «Спярша ён памёр» (1952), «Кольца вакол Сонца» (1953), «Перасадачная станцыя» (1964), «Вы стварылі нас» (1969) і інш. праблемы распаду сучаснага тэхнакратызаванага грамадства, адчужэння бацькоў і дзяцей, небяспекі ядз. катастрофы, суіснавання розных форм розуму, неабходнасці мірных адносін паміж прадстаўнікамі розных цывілізацый, узаемадачыненняў навукі і маралі. Для яго твораў характэрны дынамізм дзеяння, глыбокі лірызм і мяккі гумар.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—5. М., 1992—93.

Е.​А.​Лявонава.

т. 14, с. 83

СА́ЙМАН ((Simon) Герберт Александэр) (н. 15.6.1916, г. Мілуокі, ЗША),

амерыканскі эканаміст і псіхолаг, адзін з заснавальнікаў сац. мадэліравання. Навук. працы па выкарыстанні колькасных метадаў у эканоміцы і сацыялогіі, арганізацыі кіравання і планавання дзейнасці карпарацый і ўстаноў. Распрацаваў тэорыю і метадалогію прыняцця рацыянальных эканам. рашэнняў рознымі арг-цыямі. Выкарыстоўваў камп’ютэры пры аналізе паводзін людзей і грамадскіх сістэм. Аўтар твораў «Адміністрацыйныя паводзіны» (1947), «Мадэлі чалавека» (1957), «Арганізацыя» (1958) і інш. Нобелеўская прэмія 1978.

т. 14, с. 83