падсямейства млекакормячых сям. пустарогіх атр. парнакапытных. 2 роды, 2 віды: сайгак, або сайга (Saiga tatarica), і аронга, або чыру (Pantholops hodgsoni). Аронга пашырана ў высакагор’ях Тыбета, сайгак — у Сярэдняй і Цэнтр. Азіі, Перадкаўказзі, Ніжнім Паволжы. Жыве статкамі ў стэпах і паўпустынях, робіць сезонныя вандроўкі. Празмерным промыслам да пач. 20 ст. сайгак быў амаль вынішчаны; у выніку ахоўных мер колькасць яго пагалоўя аднавілася.
У сайгака даўж. самцоў да 146 см, выш. ў карку да 80 см (у аронга да 100 см), маса да 50 кг; самкі драбнейшыя. Афарбоўка спіны і бакоў жаўтаватая, бруха белае. Галава вял., нос доўгі, рухавы, хобатападобны. Рогі светла-жоўтыя, паўпразрыстыя, даўж. да 40 см; самкі бязрогія. Расліннаедныя. Палігамы. Нараджаюць звычайна 2 дзіцянят. Аб’ект абмежаванага промыслу.