СА́ЖА, тэхнічны вуглярод,

высокадысперсны прадукт няпоўнага згарання або тэрмічнага раскладання вуглевадародаў прыроднага і прамысл. газаў, а таксама нафтавага і кам.-вуг. масел.

Парашок чорнага колеру з сярэднім дыяметрам часцінак 10—50 нм, шчыльн. 1760—1950 кг/м³. Асн. кампанент — вуглярод (не менш за 90%). Атрымліваюць спальваннем прыроднага газу або яго сумесей з нафтавым маслам у спец. печах (пячныя С.) і камерах (канальныя, ці дыфузійныя С.), тэрмічным раскладаннем прыроднага газу ў генератарах без доступу паветра (тэрмічная С). Выкарыстоўваюць як напаўняльнік гумы (больш за 80% вырабляемай С.) і пластмас, пігмент для друкарскіх фарбаў, капіравальнай паперы і інш., у вытв-сці некаторых сплаваў, спец. гатункаў паперы, гальванічных элементаў і інш.

Літ.:

Зуев В.П., Михайлов В.В. Производство сажи. 3 изд. М., 1970;

Сюняев З.И. Нефтяной углерод. М., 1980.

т. 14, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)