СА́ЖАНЬ,
старажытная мера (адзінка) даўжыні. Назва ад стараж.-слав. «сягаці» — выцягваць, распасціраць рукі. С. карысталіся на Беларусі і ў Расіі з 11 ст. да ўвядзення метрычнай сістэмы мер (1918). Адрознівалі прамы С. — адлегласць паміж канцамі пальцаў выцягнутых (распасцёртых) рук (раўняўся 1,52 і 1,76 м) і касы — адлегласць паміж пальцамі нагі і рукі, выцягнутых па дыяганалі (2,16 і 2,48 м). У 18 — пач. 20 ст. 1 С. = 3 аршынам = 48 вяршкам =2,1336 м (гл. таксама Аршын, Вяршок).
т. 14, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)