СААКА́ДЗЕ Георгій, Вялікі Маўраві (каля 1580, с. Пелі, Грузія — 13.10.1629), грузінскі дзярж. дзеяч і палкаводзец. Паходзіў з царскіх азнауры. У 1608—12 правіцель (маўраві) Тбілісі. У выніку феад. міжусобіц у 1612 уцёк у Іран. У 1620 шах Ірана Абас / прызначыў С. апекуном малалетняга цара васальнага Картлійскага царства Сімона II — фактычным правіцелем дзяржавы.
У 1625 С. ўзначаліў антыіранскае паўстанне. Пасля паражэння ў Марабдзінскай бітве 1.7.1625 вёў партызанскую вайну, якая прымусіла шаха Ірана прызнаць царом Тэймураза I. Неўзабаве С. падняў мяцеж супраць Тэймураза I, але ў 1628 разбіты, уцёк у Турцыю, дзе быў забіты.
т. 14, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)