САМААПЛАДНЕ́ННЕ,

зліццё мужчынскай і жаночай палавых клетак, якія ўтвараюцца ў адной асобіны. Адбываецца звычайна пры немагчымасці перакрыжаванага апылення і апладнення (неспрыяльныя ўмовы, адсутнасць палавога партнёра). Сярод жывёл трапляецца ў гідраў, некат. кольчатых чарвей, малюскаў, рыб (гл. Гермафрадытызм); сярод раслін — у шэрагу водарасцей, грыбоў, кветкавых раслін (гл. Самаапыленне). У працэсе эвалюцыі ў арганізмаў з’явіліся прыстасаванні, якія прадухіляюць С. і забяспечваюць перакрыжаванае апладненне, у выніку чаго павялічваецца генет. разнастайнасць патомства і жыццяздольнасць асобін віду.

Р.​Г.​Заяц.

т. 14, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)